Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак Аляхновіч


Уладзімер Арлоў, Менск 9.3. 1883, Вільня – 3.3. 1944, Вільня (Эфір 24 сакавіка 2006) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ягонае імя вядомае значна менш, чым імя Аляксандра Салжаніцына. Між тым, менавіта ён, Францішак Аляхновіч, сваёй кнігаю “У капцюрох ГПУ” упершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў да “Архіпэлягу Гулагу” здолеў сказаць сьвету праўду пра вусьцішную імпэрыю савецкіх канцлягераў.

Ён нарадзіўся ў сям’і віленскага тэатральнага скрыпача. Калі Францішку споўнілася пяць гадоў, бацька пачаў браць яго на спэктаклі. Малога палохалі тэатральныя стрэлы, але захапленьне тым, што адбывалася на сцэне, было мацнейшае за страх. Ад тых часоў Францішкава душа і пасялілася ў тэатры. Тэатар быў домам, мараю, мэтаю.

У 1916-м ён стварыў у Вільні гурток, зь якім паставіў сваю першую п’есу “На Антокалі”, напісаную, дарэчы, у Лукіскай турме, дзе аўтар адбываў гадавое зьняволеньне “за зьнявагу сілаў нябесных і намер скінуць існую ўладу”.

Да Аляхновіча хутка прыходзіць слава нацыянальнага драматурга. Максім Гарэцкі прысьвячае яму цэлы разьдзел у сваёй “Гісторыі беларускае літаратуры”. Натхнёны прызнаньнем і глыбокім веданьнем законаў тэатру, Францішак адважваецца на незвычайны экспэрымэнт: дапісвае і ахвяруе Янку Купалу трэці акт “Паўлінкі”. Амбітны аўтар арыгіналу не выказвае незадавальненьня.

У 1925-м Францішак завяршае сямнаццатую п’есу. Наступную наканавана напісаць амаль праз два дзесяцігодзьдзі. Аляхновіч, якога ў БССР афіцыйна называюць “бацькам беларускай драматургіі”, прыяжджае ў Менск на вядомую Акадэмічную канфэрэнцыю ў справе рэформы правапісу. Назад у Вільню яго ўжо не выпускаюць. Ён становіцца ці ня першым у Беларусі засуджаным паводле сумнавядомага артыкулу №98 (“участие в организации или содействие организации, действующей в направлении помощи международной буржуазии”).

Прысуд – 10 гадоў лягераў. За свой давер да савецкай улады Францішак разьлічваўся на Салаўках адначасова з маладым расейскім навукоўцам Дзьмітрыем Ліхачовым.

І раптам, праз шэсьць бясконцых гадоў, нечаканае шчасьце – абмен на палітычнага вязьня польскіх уладаў Браніслава Тарашкевіча. Апошні неўзабаве таксама апынуўся ў савецкіх засьценках. Аляхновічу пашанцавала болей. Ён атрымаў яшчэ 10 гадоў вольнага жыцьця.

На сямі мовах у Эўропе й Амэрыцы выйшла ягоная кніга “У капцюрох ГПУ”.

3 сакавіка 1944 году ў ягоную кватэру ў акупаванай немцамі Вільні зайшлі двое. Празь нейкі час суседзі пачулі стрэл. Дагэтуль невядома, чыя рука націснула на курок – паляка з Арміі Краёвай ці савецкага агента. Аляхновіча аднолькава ненавідзелі і першыя, і другія.

У 1990-я ягоныя глыбокія, мэтафізычныя творы вярнуў на беларускую сцэну Мікола Трухан. Ёсьць штосьці трансцэндэнтнае ў тым, што гэты таленавіты рэжысэр заўчасна й загадкава скончыў свой зямны шлях неўзабаве пасьля пастаноўкі апошняй Аляхновічавай п’есы-гратэску “Круці не круці – трэба памярці”.
XS
SM
MD
LG