Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Чарвякоў


Уладзімер Арлоў, Менск 8.3.1892, в.Дукарка (цяпер Пухавіцкі раён) – 16.6.1937 (Эфір 21 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Аляксандар Чарвякоў быў адным зь пяці сябраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі, якія 1 студзеня 1919 году ў Смаленску паставілі свае подпісы пад Маніфэстам пра абвяшчэньне БССР. У тым, першым урадзе яму дастаўся партфэль наркама асьветы. Нягледзячы на ліхалецьце камісарыят адчыняе школы і курсы ліквідацыі непісьменнасьці. Малады наркам рупіцца пра стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту, выдае загады пра збор культурных каштоўнасьцяў і ахову гістарычных помнікаў.

У 1920-м Чарвякова абіраюць старшынём Саўнаркаму рэспублікі і адначасова старшынём ЦВК або, як тады казалі, “усебеларускім старастам”. Апошнюю пасаду ён захавае да 1937 году.

Нацыянал-камуністы не памыліліся ў сваім выбары. Адным зь першых крокаў Чарвякова стаў заклік да суайчыньнікаў – найперш работнікаў адукацыі і культуры – вярнуцца на пакінутую ў гады вайны Бацькаўшчыну, каб разам будаваць новы Беларускі дом. “Ваша вызваленая Радзіма, – гаварылася ў звароце ЦВК, – прызывае вас прыкласьці руку да яе адраджэньня...” Гэтыя намаганьні далі вынік: да канца 1921-га ў родныя мясьціны для культурнай працы прыехалі больш за 300 ураджэнцаў Беларусі.

У 1924-м сэсія ЦВК БССР прымае пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі”. “Маторам” гэтай палітыкі, якая ўвайшла ў гісторыю пад назовам “беларусізацыя”, стаў Чарвякоў.

Яму не даравалі. Ад пачатку 1930-х “усебеларускага старасту”, апошняга кіраўніка БССР, які гаварыў з народам на ягонай мове, усё часьцей абвінавачваюць у адыходзе ад лініі партыі й нацыяналістычных хістаньнях. Пад пагрозаю арышту і расправы ён сыходзіць з жыцьця сам.

Варта задумацца, як склаўся б гістарычны лёс Беларусі, калі б не “беларусізацыя”, ня тыя, няхай усяго некалькі гадоў уздыму нацыянальных сілаў ды іхняй ахвярнай працы.

У 1990-я ў беларускім друку выказвалася прапанова пра заснаваньне Дзяржаўнай прэміі імя А.Чарвякова за лепшыя працы ў праблемах адукацыі. Але хіба можа сёньняшняя ўлада даць сваёй прэміі імя чалавека, які займаўся беларусізацыяй, калі яна, гэтая ўлада, займаецца абсалютна процілеглым – татальнай русыфікацыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG