Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карлас Шэрман


Уладзімер Арлоў, Менск 25.10.1934, Монтэвідэо, Уругвай – 4.3.2005, Осла, Нарвэгія. (Эфір 20 сакавіка 2006) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Месца народзінаў Карласа Шэрмана для беларускага пісьменьніка ня самае звычайнае – Монтэвідэо. У выходныя ягоны бацька Рыгор – заходнебеларускі габрэй-эмігрант – рыбаліў у Ла-Плаце і, прывозячы дадому тамтэйшых двухмэтровых рыбін, у адказ на захоплены крык малога Карлушы пагардліва азываўся: “Хіба гэта рыба! Гаўно! Вось у нас у Прыпяці – там рыба!”

У далёкую й загадкавую Беларусь Карлас зь сям’ёю прыехаў у 1956-м. 22-гадовы юнак пасьпеў ужо закончыць Нацыянальны інстытут імя М.Марэна ў Буэнас-Айрэсе, пабыць галоўным рэдактарам левай газэты “Mi Pueblo...”, пазнаёміцца з Паблам Нэрудам і Жоржы Амаду...

Краіна Саветаў, якая ўяўлялася Карласу ледзьве не зямлёй запаветнай, падаравала бязьлітасны крах ілюзіяў. З сотняў рэпатрыянтаў, якія сышлі разам з Шэрманамі з аргентынскага цеплахода ў Адэскім порце, практычна ўсе зноў зьехалі ў эміграцыю. Карлас застаўся. Напэўна, вырашальную ролю ў гэтым адыграла знаёмства з Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Караткевічам і Валянцінам Тарасам, якое ператварылася ў чалавечае й літаратурнае сяброўства.

Дзякуючы Шэрману, па-гішпанску загучала беларуская клясыка – ад Купалы й Коласа да Васіля Быкава. У творчым тандэме з Барадуліным Карлас паставіў на нашыя паліцы цэлую бібліятэку з твораў Фэдэрыка Гарсія Лёркі, Габрыелы Містраль, Сэсара Вальехі, Нікаласа Гільена, Пабла Нэруды... Улетку 1977-га самым папулярным часопісам у Савецкім Саюзе нечакана зрабіўся менскі “Нёман”. Там друкаваўся зроблены Шэрманам у сааўтарстве з Валянцінам Тарасам пераклад славутага раману Габрыеля Гарсія Маркеса “Восень патрыярха”, зьяўленьне якога ў гады росквіту брэжнеўскага застою выходзіла за межы літаратуры.

Свае вершы і паэмы Карлас пісаў па-гішпанску, эсэ – па-беларуску. Ягоная апошняя паэтычная кніга мае назву “Накірункі сьвету” (Менск, 2000). Для Шэрмана яны не абмяжоўвалася захадам і усходам, поўначчу й поўднем. Галоўным для яго заўсёды быў накірунак углыб.

Углыб творчасьці таго, каго ён перакладаў. Углыб душы таго, з кім сябраваў. Углыб любой справы, якой займаўся.

Гэта яскрава выявілася ў ягонай больш як дзесяцігадовай працы першым віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, што зрабіла Шэрмана вядомым ня толькі ў Беларусі, але і ў сьвеце праваабаронцам. Тут, дарэчы, яму вельмі прыдаўся юначы досьвед удзелу ў змаганьні з дыктатурай Пэрона ў Аргентыне.

Колькі гадоў таму, даведаўшыся пра невылечную хваробу, Маркес прыслаў Карласу сяброўскі разьвітальны ліст. Аднак сталася так, што Шэрман пакінуў гэты сьвет раней. Змагаючыся з сваёй сьмяротнай бядой, ён мусіў зьехаць у Нарвэгію, але сэрцам заставаўся тут. Мой тэлефон па-ранейшаму раз-пораз гаварыў Карласавым голасам зь ягоным нязводным цёплым акцэнтам. У адным з апошніх лістоў Карлас пісаў, што страшэнна сумуе “па дзіўным жыцьці ў Беларусі”.

Ён памёр на пачатку леташняй вясны ў Осла пад час трынаццатай апэрацыі.

Разам з прахам Карласа, пахаваным нядаўна на менскіх Паўночных могілках, ягоная жонка Тамара прывезла два рукапісы – кнігу мэмуараў “Блуканец” і кнігу вершаў “Вока дня”, упершыню напісаную не па-гішпанску, як раней, а па-беларуску. Наш агульны абавязак – выдаць іх.
XS
SM
MD
LG