Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шкада дзяцей, якія пакутуюць у турмах за свае юнацкія мары, ідэалізм і рамантыку змаганьня”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці адбудуцца ў Беларусі зьмены пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля шматлікіх акцыяў пратэстаў з удзелам тых людзей, якія не пагадзіліся з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня? У гэтыя апошнія дні сакавіка, калі сотні маладых беларусаў адбываюць арышты за сваю палітычную актыўнасьць, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту альбо проста за тое, што спачувалі хлопцам і дзяўчатам на Кастрычніцкай плошчы, насілі ім ежу і цёплыя рэчы — уся наша пошта на гэтую тэму.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Ангеліны Ваўчок зь Менску:

“Як шкада гэтых дзяцей, якія пакутуюць цяпер у турмах за свае юнацкія мары, за ідэалізм і рамантыку змаганьня. Іх зламаюць, пакалечаць. Бо што будзе зь імі, калі яны выйдуць на волю? З ВНУ іх павыключаюць, з працы звольняць. На кар’еры можна паставіць крыж. Якая ў іх будучыня? Ісьці падмятаць вуліцы? І як цяпер усё гэта перажыць іхным бацькам? Гэта ж такая бяда! Можна зразумець, калі трапляюць у турму праз злачынства, наркотыкі або п’янства. А то ж — праз глупства, гэтую палітыку. Напэўна, лідэры апазыцыі пра гэта ня надта задумваліся, калі пасылалі дзяцей на такое выпрабаваньне”.

Думаю, спадарыня Ваўчок, вы памыляецеся. І гэтых дзяцей, і іхных бацькоў падтрымліваюць тысячы людзей. Каб заставацца ўсе тыя дні і ночы на плошчы, патрэбны былі і воля, і вытрымка, і мужнасьць. Многія жыхары Менску падыходзілі да лягеру, размаўлялі з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі. І зьдзіўляліся іхнай маральнай сіле і перакананасьці. І за турэмнымі сьценамі тыя хлопцы і дзяўчаты не адчуваюць сябе кінутымі і забытымі — гэтаму ёсьць шмат сьведчаньняў.

Напэўна, наперадзе ў іх шмат выпрабаваньняў. Але ім ёсьць што адстойваць: уласную будучыню і будучыню сваёй краіны. А спачуваць, відавочна, варта зусім іншым людзям і з зусім іншых нагодаў.

Наступны ліст — ад Ігара Кадола з Мазыра. Слухач піша:

“Я ўзрушаны і ўражаны нахабствам цяперашняй улады. Я, мае сваякі і сябры — усе галасавалі за Мілінкевіча. І мы адчуваем сябе падманутымі і абкрадзенымі. Я бясконца паважаю людзей, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Калі ёсьць такія людзі, Беларусь абавязкова стане цывілізаванай дзяржавай”.

Электронны ліст ад студэнта першага курсу фізычнага факультэту Белдзяржуніверсытэту, які падпісаўся псэўданімам Шувэр. Ён піша:

“Людзям, якія былі на плошчы, нібы здрадзілі, пакінуўшы сам-насам з натхненьнем і вераю... Напэўны, я недалёкі, бо зусім не разумею, што робіць цяпер Мілінкевіч і што ён зьбіраецца рабіць. Аддаў натоўп Казуліну, той павёў яго на звычайную правакацыю. Выглядае як нейкая змова... Мілінкевіч стварае нейкі рух? Дык ужо настваралі столькі, што людзей не хапае, каб у іх удзельнічаць. Вельмі цікава было б ведаць, якім канкрэтным чынам, якімі канкрэтнымі дзеяньнямі Мілінкевіч зьбіраецца дамагчыся выкананьня сваіх патрабаваньняў? Бо выглядае гэта ўсё, прабачце, як “разводка”.

У мінулую суботу ўсё так цікава пачыналася… Я, правёўшы на пляцы амаль цэлы тыдзень, бачу, што лідэры проста ня ведаюць, што рабіць... Што да студэнтаў, то, вядома, яны вельмі баяцца, але ўсё адно ходзяць усюды. Галоўнае — правільна агітаваць, ісьці групамі, плынямі, курсамі. Разам”.

Cапраўды, намер моладзі застацца на Кастрычніцкай плошчы пасьля мітынгу 20 сакавіка стаў нечаканасьцю для палітычных лідэраў апазыцыі. Яны самі гэта прызналі, і потым ужо вымушаныя былі падладжвацца пад раптоўную ініцыятыву палітычна актыўных хлопцаў і дзяўчат.

Для многіх стала неспадзяваным і тое, што на плошчы ўсе чатыры дні было шмат студэнтаў. І гэта ва ўмовах, калі любое палітычнае іншадумства ў беларускіх ВНУ жорстка караецца, калі за найменшую праяву неляяльнасьці да ўлады моладзь адлічваюць з унівэрсытэтаў. Відавочна, на настроі ў студэнцкім асяродзьдзі істотна могуць паўплываць заявы кіраўнікоў урадаў некаторых усходнеэўрапейскіх краінаў пра тое, што адлічаныя зь беларускіх ВНУ студэнты, якіх караюць за палітычныя погляды, здолеюць працягваць адукацыю ў Эўропе. Гэта ж можа стварыць сур’ёзныя праблемы ідэалягічным наглядчыкам у беларускай вышэйшай школе: іхныя пагрозы і паказальныя адлічэньні ў такіх умовах страчваюць сілу.

На апошнія падзеі адгукнуўся ў сваім новым лісьце і наш сталы слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Настаў час, калі за свабоду і незалежнасьць даводзіцца змагацца. І плаціць за гэта высокую цану — не манэтай, а жыцьцём сваім, здароўем і часам. Сапраўды, сумна ад нашай рэчаіснасьці. Няма ў грамадзтве адзінства. На тэлебачаньні і ў газэтах замест навінаў — прапаганда і хлусьня. Прыйшоў галасаваць на ўчастак у вёсцы Ляхаўцы, а нада мной пасьміхаюцца: вось, маўляў, прыйшоў апазыцыянэр. “А дзе ж твой бел-чырвона-белы знак?” — зьедліва пытаюцца. А я адказваю: “У царкве на іконе Ўваскрэсеньня — ідзіце і паглядзіце. Ісус Хрыстос трымае ў руках гэты сьцяг, якому дзьве тысячы гадоў. Дзіўна, што вы, настаўніца, пра гэта ня ведаеце”.

Што ж, спадар Сац, гэта годны адказ вашым апанэнтам. За выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў (пад якімі, дарэчы, Беларусь стала незалежнай у 1991 годзе, была прызнана ў сьвеце) у беларускай дзяржаве ўжо не адзін год штрафуюць, арыштоўваюць, зьневажаюць… А сымбалі жывуць. Менавіта пад бел-чырвона-белымі сьцягамі чатыры дні трымаўся на Кастрычніцкай плошчы намётавы лягер моладзі. І цяпер, калі тыя хлопцы і дзяўчаты ў турме, на плошчу нясуць белыя і чырвоныя кветкі менчукі. Кветкі ўлады загадалі прыбіраць, людзей на тое месца не пускаюць — выставілі міліцэйскі пост. Але ўсё тое марна і бескарысна. Зь людзкой памяці тыя падзеі ўжо ня вынішчыш. І вельмі можа стацца, спадар Сац, што мы яшчэ засьпеем час, калі ў гэтым куточку плошчы будзе ўсталяваны калі ня помнік, дык мэмарыяльны знак з нацыянальнымі сымбалямі, пад якімі адстойвала сваю годнасьць і свае ідэалы беларуская моладзь.

Наш слухач Павал Марчанка зь Менску быў сярод тых, хто ўдзельнічаў у сакавіцкіх акцыях апазыцыі. У сваім электронным лісьце на “Свабоду” ён, у прыватнасьці, піша:

“Шматтысячныя мітынгі апазыцыі, у якіх я ўдзельнічаў, прывялі мяне да такога пытаньня: як скарыстаць небывала высокую актыўнасьць нашага народу? Як зрабіць крок да перамогі? Хачу зьвярнуцца да вас з прапановай абмеркаваць гэтае пытаньне з удзелам кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна і Зянона Пазьняка. Асабіста я лічу, што ў нас ня так шмат шляхоў. На сёньняшні момант атрымаць перамогу на выбарах па правілах Лукашэнкі немагчыма. Атрымліваецца, што апазыцыя ў нашай краіне ня можа прыйсьці да ўлады шляхам, звычайным для дэмакратычных краінаў.

Я думаю, што сёньня ёсьць магчымасьць распачаць збор подпісаў дзеля правядзеньня рэфэрэндуму, пытаньнем якога можа стаць вяртаньне да нормы Канстытуцыі, паводле якой прэзыдэнт можа абірацца толькі на два тэрміны. Альбо можна паставіць пытанне аб адстаўцы ці імпічмэнце прэзыдэнта, ці нешта накшталт гэтага. Дзеля правядзеньня рэфэрэндуму неабходна назьбіраць 450 тысяч подпісаў. На сёньняшні дзень камандам трох былых кандыдатаў у прэзыдэнты (Мілінкевіча, Казуліна і Пазьняка) такую (і нават значна большую) колькасьць сабраць магчыма. А, напрыклад, калі б удалося сабраць мільён подпісаў, то гэта ўжо аргумэнт. Вынікі рэфэрэндуму, калі ён адбудзецца, можа, ня будуць на нашу карысьць, але галасоў “за” не павінна быць меней, чым лічба падпісантаў за правядзеньне рэфэрэндуму. А гэта пакажа ўсім, чаго вартыя вынікі выбараў”.

З тых інтэрвію лідэраў беларускай апазыцыі, якія гучалі па “Свабодзе” ў апошнія дні, можна было зразумець, што такія варыянты, спадар Марчанка, разглядаюцца. Іншая рэч, ці можа быць плённым збор подпісаў, ці прывядзе ён у сёньняшніх палітычных умовах да рэальнага рэфэрэндуму? За апошнія пятнаццаць гадоў апазыцыя некалькі разоў заяўляла пра такія намеры і нават рабіла спробы іх ажыцьцявіць. Але да правядзеньня рэфэрэндуму на падставе сабраных подпісаў справа ніколі не даходзіла.

Што да абмеркаваньня на хвалях “Свабоды” стратэгіі дэмакратычнай апазыцыі з удзелам усіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Слушная ідэя, спадар Марчанка. Вось толькі невядома, ці хутка ўдасца ўбачыць на волі і ўзяць інтэрвію ў арыштаванага Аляксандра Казуліна. Што да Зянона Пазьняка, то вы памылкова назвалі яго ў пераліку кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — ён, як вядома, не дайшоў да этапу рэгістрацыі. І ў апошніх палітычных падзеях у Беларусі Зянон Пазьняк калі і ён выконваў нейкую ролю, то вельмі адрозную ад той, якую выконвалі Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Максім Бярэзінскі, Іван Солдак і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску, Віктар Пісарук з Горадні, Вольга Талдыкіна з Чэрвеню, Аляксандар Уласаў зь вёскі Нехалаты Берасьцейскага раёну і Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG