Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму адкладзеная інаўгурацыя Лукашэнкі?


Радыё Свабода Сёньня амэрыканскія, брытанскія і расейскія газэты спрабуюць знайсьці адказ на пытаньне: чаму была перанесеная дата інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі? Як паведамляла раней старшыня ЦВК Людзія Ярмошына, інаўгурацыя была заплянаваная на 31 сакавіка. Аднак яна адбудзецца пазьней. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, цырымонія пройдзе ў першай палове красавіка. Новую канкрэтную дату вызначыць адміністрацыя прэзыдэнта. Найбольш папулярная вэрсія замежнай прэсы – перанос інаўгурацыі, праўдападобна, адбыўся з прычыны пагаршэньня здароўя Лукашэнкі, што, хутчэй за ўсё, абумоўлена стрэсам.

Брытанская “Guardian” сёньня піша: “Аўтарытарны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка перанёс на няпэўны тэрмін цырымонію інаўгурацыі і тым самым даў падставу выказваць розныя меркаваньні пра стан ягонага здароўя”. Лукашэнка, якога Вашынгтон называе апошнім дыктатарам Эўропы, не зьяўляўся публічна пасьля прэсавай канфэрэнцыі 20 сакавіка, калі было заяўлена, што ён набраў на выбарах 83 адсоткаі галасоў выбарнікаў. Брытанская газэта цытуе прэсавага сакратара Лукашэнкі, які запэўнівае, што той абсалютна здаровы і працуе. Дзяржаўнае тэлебачаньне паказвае ў запісу нараду з чыноўнікамі, агенцтва “Інтэрфакс” цытуе, як Лукашэнка просіць чыноўнікаў зьняць ягоныя партрэты са сьцен іх габінэтаў. Брытанская газэта піша, што некаторыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі лічаць, што на тэлебачаньні ўчора быў прадэманстраваны стары запіс нарады з чыноўнікамі. Гэтак лічыць прэсавы сакратар кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка. Адзін з заходніх дыпляматаў таксама лічыць, што людзям паказалі стары запіс. Дыплямат мяркуе, што перанос інаўгурацыі, праўдападобна, адбыўся з прычыны пагаашэньня здароўя Лукашэнкі, што, хутчэй за ўсё, абумоўлена стрэсам, піша “Guardian”.

Пра адтэрміноўку інаўгурацыі Лукашэнкі сёньня піша і “New York Times”. “Беларускі прэзыдэнт, пераабраньне якога выклікала пратэсты апазыцыі, у аўторак рэзка і без тлумачэньняў затрымаў інаўгурацыю, заявіўшы пры гэтым, што ўсе палітычныя баталіі ў ягонай краіне завершаныя”. “Апошні дыктатар Эўропы”, як плянавалася, павінен быў прыняць прысягу ў пятніцу, і актывісты апазыцыі зьбіраліся выказаць сваю нязгоду праз кампанію распаўсюду налепак. “New York Times” адзначае, што затрымка інаўгурацыі сталася нечаканай, паколькі праца дзяржаўнага апарату ў Беларусі звычайна прадказальная.

Прычыны пераносу інаўгурацыі Лукашэнкі аналізуе і Аляксандар Багамолаў у расейскіх “Новых Известиях” у артыкуле “Бязбацькаўшчына”. Аўтар падае некалькі вэрсій, чаму Аляксандар Лукашэнка тыдзень не зьяўляўся на тэлевізійных экранах. Найбольш папулярная, паводле Багамолава, вэрсія – гэта праблемы са здароўем. “Другая па папулярнасьці чутка – у Менску сабраўся нейкі аналяг ГКЧП у складзе сілавікоў, якія захапілі прэзыдэнта і патрабуюць ад яго поўнага падпарадкаваньня. Гучалі і меркаваньні аб тэрміновым візыце Лукашэнкі ў Маскву, дзе ён нібыта праводзіць супернапружаныя перамовы аб ільготных пастаўках газу”, – піша Аляксандар Багамолаў. Паводле аўтара артыкулу ў “Новых Известиях”, каб неяк супакоіць жарсьці, прэсавая служба прэзыдэнта распаўсюдзіла інфармацыю, што Лукашэнка 28 сакавіка правёў нараду, тым ня менш цырымонія інаўгурацыі была перанесеная без тлумачэньня прычынаў.

“Новые Известия” згадваюць, як калісьці, так бы мовіць, працаваў з дакумэнтамі расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын. Пасьля інаўгурацыі 9 жніўня 1996 году часопіс “Time” паведамляў, што прэзыдэнту Расеі востра неабходная апэрацыя на сэрца, у той час, як афіцыйныя прадстаўнікі Ельцына абвяргалі гэтыя зьвесткі і заяўлялі журналістам, што прэзыдэнт “працуе і праходзіць дыспансэрнае абсьледаваньне”.
XS
SM
MD
LG