Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мілінкевіч едзе ў Польшчу, каб дамовіцца наконт прыёму выключаных беларускіх студэнтаў


Радыё Свабода У акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы сталіцы самы актыўны ўдзел бралі студэнты. Бальшыня пратэстоўцаў былі арыштаваныя, асуджаныя й цяпер адбываюць адміністрацыйнае зьняволеньне. Існуе рэальная пагроза: юнакі й дзяўчаты будуць выключаныя з ВНУ. У зьвязку з гэтым Аляксандр Мілінкевіч ад’яжджае ў Варшаву, каб падпісваць дамовы з рэктарамі шэрагу польскіх ВНУ наконт далейшага навучаньня беларускіх студэнтаў.

У рэктаратах менскіх ВНУ пра магчымае выключэньне сваіх студэнтаў-удзельнікаў акцыяў пратэсту адказваюць вельмі неахвотна. Да прыкладу, вось што сказаў рэктар Унівэрсытэту інфарматыкі й электронікі Міхаіл Батура.

(Батура: ) “Іх пакуль няма ў нас. Чакаем калі яны прыбудуць і будзем размаўляць зь імі пра жыцьцё”.

(Карэспандэнтка: ) “Які іхні будучы лёс і ці пагражае ім адлічэньне?”

(Батура: ) “Нічога не магу сказаць пакуль ня ўбачу гэтага чалавека й не пагляджу яму ў вочы. Вось калі ў нас гэтая размова адбудзецца, тады я змагу штосьці сказаць”.

Гэтак жа няпэўна выказваюцца ў Нацыянальна-тэхнічным ўнівэрсытэце, унівэрсытэце культуры й іншых ВНУ. У Пэдагагічным унівэрсытэце імя Танка і БДУ ўвогуле адмовіліся даваць нейкія камэнтары. У асяродку студэнтаў пра гэта ходзяць самыя розныя чуткі, у тым ліку, што ўжо складзеныя сьпісы на адлічэньне – кажа адзін зь юнакоў, які пранёс перадачу сваім сябрам у спэцпрыёмнік на Акрэсьціна.

(Студэнт: ) “Насамрэч, яны проста зьнішчаюць лепшых студэнтаў БДУ, з Унівэрсытэту культуры, з Нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту – усіх лепшых, якія былі затрыманыя на дэманстрацыі. Калі зараз не дазваляюць нават перадачу зрабіць, дык што будзе пасьля?”

Колішні прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў мяркуе, што насамрэч рэктараты ВНУ чакаюць адпаведнага загаду вышэйшых уладаў, якія выканаюць без абмеркаваньня.

(Паўлаў: ) “Вы ня верце ні Батуру, ні ўсім астатнім. Усе яны чакаюць каманды, і яны будуць адлічваць не міргнуўшы вокам, гэта я ўпэўнены на сто адсоткаў. Бо й у навучальных установах і ўсюды прайшла ратацыя кіраўнікоў. Усе яны замененыя на людзей, якія будуць выконваць загад і адлічаць усіх”.

Гаварыў былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў. Праблему выключэньня беларускіх студэнтаў Аляксандр Мілінкевіч ужо заўтра ў Варшаве абмяркуе з рэктарамі польскіх ВНУ.

(Мілінкевіч:) “Пры ўсіх сустрэчах высокага ўзроўню я заўсёды казаў, што праблемай №1 падчас выбараў гэта будзе дапамога рэпрэсаваным. І вось толькі пачаліся рэпрэсіі супраць студэнтаў, а ўжо прэм’ер-міністры трох краінаў – Польшчы, Славакіі й Чэхіі – тэлефанавалі самі й выказаліся пра тое, што яны ўжо гатовыя дапамагчы студэнтам, каб яны прадоўжылі сваю навуку. А 30 сакавіка я еду ў Варшаву, каб падпісаць з польскімі рэктарамі й дэмакратычнымі аб''яднанымі сіламі дамову аб дапамозе студэнтам. І гэта выдатны прыклад канкрэтнай дапамогі”.

Паводле праваабарончых арганізацыяў, ужо цяпер з розных ВНУ краіны адлічаныя каля сотні юнакоў і дзяўчат, а ўсяго па Беларусі такімі могуць стаць каля тысячы студэнтаў.
XS
SM
MD
LG