Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя дыскусіі ў менскіх офісах


Радыё Свабода Падзеі на Кастрычніцкай плошчы, пратэст дэманстрантаў на Дзень Волі выклікалі шырокі розгалас у сталіцы. Яго абмяркоўваюць ня толькі на кухні ці ў транспарце, але й на працоўных месцах. Здараюцца нават канфлікты.

Суразмоўца карэспандэнта Свабоды Сяргей – дызайнэр адной з буйных беларускіх рэклямных агэнцыяў. Ён зусім не зьдзівіўся, што сустрэў ледзь не палову сваіх калегаў па працы на мітынгу з нагоды Дня Волі 25 сакавіка. Бо цягам ужо некалькіх тыдняў працоўны дзень у іхным творчым калектыве пачынаецца з палітычных дэбатаў. Ці папросту – з абмеркаваньня палітычных навінаў.

(Сяргей: ) “Да сутычкі дайшло, калі пачаліся актыўныя дзеяньні на Кастрычніцкай плошчы. Адзін з маіх калегаў пачаў даводзіць, што гэта дзіцячыя сродкі, што гэта нічога ня зможа зьмяніць. Але атрымаў вялізны моцны адпор, ягоныя апанэнты казалі, што гэта знак годнасьці і можа ўплываць на будучыню”.

(Карэспандэнтка: ) “Нехта некага пераканаў?”

(Сяргей: ) “Гэты чалавек апынуўся ў абсалютнай меншасьці, ён быў адзін”.

Вынікам сутычкі на палітычнай глебе стаўся нестандартны перапынак на абед.

(Сяргей: ) “Падчас абедзеннага перапынку паўстала пытаньне – куды пайсьці на абед? Дык адразу пачаліся размовы, маўляў, трэба ісьці на плошчу: каб прынесьці людзям нечага ім патрэбнага – можа, ежы, можа, лекаў... Так і зрабілі – пайшлі да іх, высьветлілі, чаго бракуе, набылі ды прынесьлі”.

Сытуацыя ў іншай суразмоўцы Свабоды, мэдсястры адной зь менскіх паліклінік – прынцыпова іншая. Ейныя каляжанкі шчыра галасавалі за дзейнага прэзыдэнта. Спадарыня Ніна – адзіная ў калектыве, хто не задаволены існым становішчам у краіне.

(Ніна: ) “Сёньня запыталіся: “Ну, што? Былі твае на плошчы?” Я думала сказаць “не” й сысьці... Але ж кажу: “Так, былі. І ўсё бачылі на ўласныя вочы”. Яны пачалі мне даводзіць – маўляў, там жа на плошчы і шпрыцы знайшлі, і бутэлькі, і грошай там дзецям далі. Карацей, лухту ўсялякую кажуць. Але яны не чытаюць нічога, не цікавяцца нічым... Ім дастаткова грошай, каб выпіць, і на ежу... гэта і складае жыцьцё. Таму ўсе вельмі задаволеныя”.

Дарэчы, заробак мэдсястры з максымальным працоўным стажам складае сёньня прыкладна 450 тысячаў бел. рублёў за месяц.

Актуальнасьць дыскусіяў на палітычную тэму, на погляд экс-міністра працы Беларусі Аляксандра Саснова, зьява часовая.

(Сасноў: ) “Гэта было актуальна... Гэта было на слыху... Таму яны гэта і абмяркоўвалі. Але пройдзе пэўны час – і пра гэта забудуцца... на жаль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG