Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валянціна Палевікова: “Побач з моладзьдзю павінны быць сталыя людзі”


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя. 27 сакавіка Кастрычніцкі суд сталіцы асудзіў сябру Палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціну Палевікову на 15 сутак арышту.

У тую апошнюю ноч Валянціна Палевікова, маці двох дарослых дзяцей, у якой трое ўнукаў, была на Кастрычніцкім пляцы. Распавядае сяброўка Валянціны Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) “Яна мяне запрашала на пляц у тую ноч. Яна была ўпэўненая, што нас схопяць, “але трэба ж гэтых дзяцей падтрымаць...” Я сказала Валянціне, што не магу, ёсьць іншыя абавязкі. Яна ўжо ведала, на што ідзе. Бачна было, што яна ахвяруе, але гэта быў такі ўздым!”

Журналістка Тацяна Мельнічук размаўляла з Валянцінай Палевіковай літаральна апоўначы, за тры гадзіны да ліквідацыі лягеру.

(Мельнічук: ) “У апошні вечар перад разгонам мы сустрэліся з Палевіковай у намётавым лягеры. Яна сярод гэтай моладзі трымалася як апякунка. Ёй было вельмі халодна, але яна не падавала выгляду. Яна зьбіралася правесьці там усю ноч, казала, што побач з маладымі павінны быць сталыя людзі, якія могуць падказаць, як сябе паводзіць, калі што. І гэтае “калі што” здарылася…”

Валянціна Палевікова з залатым мэдалём скончыла вясковую школу ў Любанскім раёне. Па адукацыі – матэматык-праграміст. Працавала ў Навукова-дасьледчым інстытуце сродкаў аўтаматызацыі, у навукова-вытворчым аб’яднаньні “Гранат”. Дзесяць гадоў працавала ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, фактычна стварыла жаночую партыю “Надзея”. Гаворыць экс-старшыня ФПБ Уладзімер Ганчарык.

(Ганчарык: ) “У яе вельмі добрыя чалавечыя якасьці. Яна надзвычай добры работнік, вопытны, адданы справе, чалавек, які гатовы зрабіць усё для другога чалавека, для агульнай справы”.

(Карэспанэнтка: ) “А як вы думаеце, што пацягнула гэту жанчыну на плошчу? Там у асноўным моладзь зьбіралася, а тут жанчына салідная, сур’ёзная…”

(Ганчарык: ) “Акрамя пачуцьця адказнасьці ў яе ёсьць яшчэ і пачуцьцё рамантызму. Гэта і горныя лыжы, турысцкае юнацтва. Яна вельмі добра знаходзіць агульную мову з моладзьдзю”.

Дагэтуль Валянціна Палевікова захапляецца горнымі лыжамі, горным турызмам, ходзіць у пешыя паходы, любіць баскетбол.

Трое сутак гэтая прыгожая, інтэлігентная, вытанчаная жанчына разам з яшчэ дзесяцьцю дзяўчатамі сядзела ў Жодзінскім СІЗА, у камэры, разьлічанай на васьмёх. У жудасных умовах, на голых нарах, з парашай, без пасьцельнай бялізны, нават без зубной шчоткі…

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяна Мельнічук прыгадала, як аднойчы разам зь іншымі палітыкамі, журналістамі яна была запрошаная на імпрэзу, і крыху не ўпісалася, так бы мовіць, у “фармат” тусоўкі. Тацяна прыйшла у сьвяточным строі, а гэта быў пікнік у лесе. Працягвае Тацяна Мельнічук.

(Мельнічук: ) “Не адна я была такая. Побач са мной апынулася вельмі прыгожая жанчына, таксама апранутая не для леса – Валя Палевікова. Мяне вельмі зьдзівіла чыста так па-жаноцку, як годна яна трымалася ў гэтай сытуацыі. Абцасікі ж не прызначаныя, каб хадзіць па лясных палянках. Але яна заўсёды сабраная, сканцэнтраваная і настолькі жаноцкая пры гэтым, настолькі прывабная…

Я вельмі спачуваю ёй зараз, думаю, што нават цяжар і ўсе брыдкасьці гэтага зьняволеньня яна пераносіць таксама стойка. Вельмі жадаю ёй сілы”.
XS
SM
MD
LG