Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у мірных акцыях ужо асуджана каля 500 чалавек


Радыё Свабода 28 сакавіка ў Беларусі.

* Кіраўнікі перадвыбарчых штабоў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча Мечыслаў Грыб і Сяргей Калякін паведамілі, што да 31 сакавіка абскардзяць у Вярхоўным судзе абвешчаныя Цэнтравыбаркамам афіцыйныя вынікі выбараў прэзыдэнта.

* Паводле зьвестак праваабаронцаў, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў былі асуджаныя каля 500 чалавек. Турмы і ізалятары Менскай вобласьці перапоўненыя палітычнымі зьняволенымі.

* Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) пачала збор подпісаў грамадзянаў Беларусі пад зваротам да генэральнага пракурора з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна ды іншых палітычных вязьняў. Адвакат Казуліна запрошаны ў Жодзінскі ізалятар на 30-га сакавіка – у гэты дзень чакаецца выстаўленьне экс-кандыдату ў прэзыдэнты абвінавачаньня.

* Затрыманьні беларускіх і замежных журналістаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі парушэньнем прынцыпаў АБСЭ, – пра гэта заявіў сёньня упаўнаважаны АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова Міклаш Ха́расьці.

* Канада абмежавала афіцыйныя кантакты зь Беларусьсю. Міністар замежных справаў Канады Пітэр Маккей запатрабаваў неадкладна вызваліць канадзкага журналіста Фрэдэрыка Левуа і дазволіць яму пакінуць Беларусь.

* Швайцарыя далучылася да заклікаў міжнароднай супольнасьці вызваліць затрыманых у Беларусі удзельнікаў акцыяў прыхільнікаў пераменаў.

* Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі выступіў са зваротам да беларускага народу. Саакашвілі выказвае захапленьне мужнасьцю і рашучасьцю беларусаў.

* Міністэрства замежных справаў Расеі выступіла з абаронаю беларускіх уладаў, усклаўшы адказнасьць за сутыкненьні 25 сакавіка на вуліцах Менску выключна на беларускую апазыцыю.

* Аляксандар Лукашэнка заявіў, што палітычныя баталіі ў Беларусі скончаныя. “У краіне наведзены парадак, як і быў, нягледзячы на паасобныя ўсплёскі”, – сказаў Лукашэнка ў ходзе нарады ў пытаньнях удасканаленьня органаў дзяржаўнага кіраваньня.

* Экс-прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла не пусьцілі ў беларускую амбасаду ў Празе. Прынесены зварот з ацэнкай палітычнай сытуацыі ў Беларусі Гаўлу параілі пакінуць у паштовай скрынцы амбасады.

* Актывісты незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” правялі пікет насупраць пасольства Расеі ў Менску. Пікетоўцы трымалі расьцяжку “Учора падтрымалі дыктатара, сёньня — злачынцу!” Пікет празь некалькі хвілін пасьля яго пачатку разагналі супрацоўнікі міліцыі. Трое непаўналетніх удзельнікаў акцыі былі затрыманыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG