Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх і сусьветных СМІ


Кастусь Бандарук, Прага Больш як тыдзень мінуў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, але сытуацыя ў Беларусі застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднага друку. Агляд сёньняшніх замежных выданьняў падрыхтаваў наш карэспандэнт.

Газэта "International Herald Tribune" піша пра тое, як шпарка беларускія суды разглядаюць і караюць за ўдзел ў несанкцыянаваных дэманстрацыях. Затрыманыя, незалежна ад нацыянальнасьці, у тым ліку былы польскі дыплямат Марыюш Машкевіч і журналістка Вераніка Смалінская, атрымліваюць у большасьці ад 10 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Усё адбываецца хутка, бы на канвэеры, бяз удзелу адвакатаў і нават бяз прызнаньня альбо непрызнаньня віны падсудных. У Ленінскім судзе Менску шэсьць маладых жанчын атрымалі па 7 сутак арышту. Усе шэсьць справаў былі разгледжаны менш, чым за 30 хвілінаў.

"Wall Street Journal" зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Веснавое ажыўленьне палітыкі”. Разам з надыходам вясны, як правіла ўздымаецца чалавечы настрой, і гэты ўздым станоўча ўплывае і на палітыкаў. Аднак пара году не заўсёды мае ўплыў на грамадзкую і палітычную актыўнасьць. Дэманстрацыі ў Беларусі былі выкліканыя сфальшаванымі выбарамі і выпрабаваньнем свабоды выказваньня. Праваахоўныя органы аднак здушылі актыўнасьць і пратэсты прыхільнікаў пераменаў і ў выніку– апошні дыктатар у Эўропе – Аляксандар Лукашэнка ня меў ніякіх праблемаў зь пераабраньнем на трэці тэрмін. Паводле "Wall Street Journal", сутнасьць дэмакратыі палягае ў тым, што палітыкі падпарадкоўваюць сябе і свае асабістыя інтарэсы агульнаму дабру, а выбарцы ўскладаюць свой давер на розум таго, хто быў абраны большасьцю. Аднак – піша "Wall Street Journal", – у выпадку Беларусі маем дачыненьне са здрадай выбарцаў, бо атрыманы ад іх мандат не скарыстоўваецца дзеля агульнага дабра, але дзеля асабістых амбіцыяў прэзыдэнта.

Нямецкая газэта "Die Tageszeitung" зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Вялікая памылка Менску”. Праціўнікі Лукашэнкі пераацанілі свае сілы. Яны наіўна паверылі ў моц прысутнасьці тэлекамэраў і падтрымку з боку заходніх дыпляматаў. Пры гэтым яны як бы забыліся пра значную рэальную падтрымку Лукашэнкі ў грамадзтве. “Рэвалюцыі праводзяцца не тэлекамэрамі, але рукамі незадаволеных людзей”, – нагадвае нямецкая газэта. Заклік Казуліна да штурму на сьледчы ізалятар толькі разьвязаў рукі часова зьбянтэжанаму рэжыму, а само стаўленьне да акцыяў пратэсту падзяліла галоўных апанэнтаў Лукашэнкі, піша нямецкае выданьне. З прычыны ня толькі жорсткасьці рэжыму, але і з праліку апазыцыі рэвалюцыя ў Беларусі закончылася, не пасьпеўшы пачацца. Цяпер паводле "Die Tageszeitung" сытуацыю можа зьмяніць толькі Расея. Калі Пуцін спыніць энэргетычную дапамогу Беларусі, скончыцца беларускі эканамічны цуд, а разам зь ім вера беларусаў ў нечалавечную моц менскага шамана.

У газэце "Financial Times" гаворыцца пра абмежаваны ўплыў Эўразьвязу на падзеі ў найбліжэйшых суседзяў зь ліку былых савецкіх рэспубліках. Замарожаныя адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю не спрыяюць ні рэформам у Беларусі, ні дэмакратычным імкненьням шараговых беларусаў. Эўразьвяз забараніў уезд некалькім беларускім чыноўнікам на тэрыторыю Эўразьвязу, але адмовіўся зьмякчыць візавы рэжым для шараговых грамадзянаў Беларусі. Журналіст "Financial Times" робіць несуцяшальную для беларусаў выснову: разам з Лукашэнкам цягам бліжэйшай будучыні, уся Беларусь застанецца на ўзбочыне Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG