Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Амонавец крычаў яму: "ня бі яе, яна зусім малая", а той бярэ і б''е"


Вольга Караткевіч, Прага Радыё Свабода ўжо паведамляла, што былы польскі пасол у Беларусі Марыюш Машкевіч быў затрыманы ў часе разгону намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы і быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Разам са спадаром Машкевічам у Менск прыехала Кацярына Кляцоўка. Зь ёй была ейная дачка Вера.

Кацярыну і Веру таксама затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Дачку праз дваццаць гадзін адпусьцілі, а Кацярыну Кляцоўку асудзілі на трое сутак. Учора яна вызвалілася і сёньня, пасьля прыезду ў Польшчу, зьвязалася з Радыё Свабода з Варшавы.

Пра затрыманьне і ўмовы на Акрэсьціна Кацярына Кляцоўка расказала нашай карэспандэнтцы:

(Карэспандэнтка: ) "Як гэта адбывалася?"

(Кляцоўка: ) "Аўтобусы прыехалі на плошчу. З усіх бакоў нас ачапілі. Выскачылі амоўнаўцы – спэцназ. Яны загадалі нам: "Кладзіцеся на зямлю". Мы ляглі на зямлю, а потым ужо другі-трэці давай біць. Я трымалася за Верку. Нейкая дзяўчына стала ў сяродку лягеру і пачала маліцца. У гэтым быў такі драматызм. Мне ня верылася, што я там знаходжуся. Мне здалося, што я нейкі анёл, і я зараз адлячу з Кастрычніцкай плошчы і ня буду ўсяго гэтага цярпець.

Верку адзін амонавец схапіў за валасы, пацягнуў ёй. А яшчэ адзін амонавец крычаў яму: ня бі яе, ня бачыш, яна ж зусім малая. А той бярэ і б''е яе.

Яны адцягнулі яе. Потым мяне галавой кінулі на асфальт. Падаючы, я патыліцай ударылася аб асфальт. А потым па твары мяне ўдарылі. У мяне цяпер пашкоджаны левы бок твару, сіняк пад левым вокам.

Схапілі яны мяне як нейкую сьвіньню, укінулі ў аўтобус. Крычалі на нас, што мы сьвіньні, маўляў, што мы робім тут, маўляў, вам рэвалюцыі захацелася. У аўтобусе мяне білі па сьпіне.

Я ляжу і думкі круцяцца: "Дзе Вера? Дзе Марыюш?" Я іх не пазнала. Я страціла прытомнасьць. І пасьля ачуняўшы, некалькі хвілінаў іх не магла пазнаць.

А потым нам не давалі між сабой размаўляць. Кожнае слова было на вагу золата. За кожнае слова вельмі жорстка крычалі на нас".

(Карэспандэнтка: ) "Якія былі ўмовы на Акрэсьціна?"

(Кляцоўка: ) "Калі нас прывезьлі, увесь карыдор ужо быў забіты людзьмі. Нам усім крычалі, нібыта мы нейкія рэцыдывісты: "Лицом к стене! Прекратить разговоры! Выключить телефоны!" Потым хадзілі, апытвалі, ці ёсьць непаўнагадовыя.

Так мы каля сьцяны стаялі, нават ня ведаю колькі. Забралі нас каля 3-й раніцы. А стаялі мы ля сьцяны хіба да 13-й гадзіны.

Верку адпусьцілі каля 23-й гадзіны вечара. Значыць, дваццаць гадзіны яе пратрымалі ў ізалятары. Яе забраў ейны біялягічны бацька. І яму міліцыянты прыгразілі, што калі ён прытрымае сваю дачку ад грамадзкай актыўнасьці, то ў яго самога будуць вялікія праблемы.

Страх спаралізаваў маю душу".

(Карэспандэнтка: ) "Калі суд пачаўся, якое было абвінавачаньне?"

(Кляцоўка: ) "Мне ўжо тады было ўсё роўна. Мяне адвезьлі ў Ленінскі раён. Там дзесьці ёсьць казэматы, нейкія падвалы. І там, у гэтых падвалах, разьмяшчаюцца гэтыя камэры, у якіх трымалі па 10 чалавек. Якія былі перапоўненыя, дык яны пакідалі дзьверы прыадчыненыя. А ў нашай камэры дзьверы былі зачыненыя. Я пайшла на суд першая. Мяне судзьдзя спыталася, што я бачыла. Што я чула? Я адказала, што я нічога такога не выкрыквала. Што толькі лёзунг "Жыве Беларусь!" Ці можна яго лічыць антыдзяржаўным? Судзьдзя сказала, каб я больш "на рэвалюцыі ня езьдзіла".

І дала мне трое сутак.

І параіла: замест таго каб рабіць рэвалюцыі, гадуйце дома сваіх дзяцей.

Там нам нават не давалі вады папіць. З залі мяне забралі адразу. Міліцыянты былі вельмі злыя, бо самі таксама ня сьнедалі і не абедалі. За кожным чалавекам ідуць па тры міліцыянты.

(Карэспандэнтка: ) "Ці былі праблемы з выездам зь Беларусі ў Польшчу?"

(Кляцоўка: ) "Я баялася, што нават паехала ў аптэку, каб купіць супакойваючых таблетак перад паездкай. А Марыюш мне сказаў, калі мяне толькі вызваляць, калі я толькі прыйду дадому, каб брала рэчы і ўцякала".

Гл.таксама • Што адбылося на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG