Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік місіі АБСЭ наведаў Вячаслава Сіўчыка


Радыё Свабода Оке Пэтэрсан, кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску, сёньня наведаў зьбітага супрацоўнікамі сілавых структур актывіста апазыцыі Вячаслава Сіўчыка. Сустрэча адбылася ў палаце трэцяга менскага шпіталю, дзе спадар Сіўчык праходзіць курс лячэньня пасьля зьбіцьця невядомымі спэцназаўцамі ў масках пяць дзён таму.

Спадар Пэтэрсан задаваў пытаньні Вячаславу Сіўчыку наконт ягонага статусу (паколькі яго ўвесь час ахоўваюць супрацоўнікі міліцыі), аб апошніх падзеях у Менску і масавых рэпрэсіях.

Сустрэча была цёплая, – сказаў Вячаслаў Сіўчык, спадар Пэтэрсан гаварыў зь ім па-ўкраінску, Вячаслаў Сіўчык адказваў па-беларуску.

(Сіўчык: ) “Па-першае, я паінфармаваў, што, я думаю, ён і так ведаў, што ёсьць вялікая колькасьць рэпрэсаваных сёньня ў Беларусі. Што супраць мірных удзельнікаў акцыі прымаліся брутальныя захады з боку сілавых структур, бо я дакладна ведаю, што некалькі чалавек з намётавага мястэчка былі шпіталізаваныя хуткай дапамогай і знаходзяцца ў вельмі кепскім стане. Сказаў, што наш беларускі народ заслугоўвае значна лепшай улады, чым цяпер, і тлумачыў яму на канкрэтных выпадках, як працуе карная сыстэма”.

Спадар Сіўчык атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Учора ён падаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў сілавых структур, якія яго затрымлівалі, зьбівалі і нават пагражалі расстрэлам. Пасьля гэтага да яго прыходзіў сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну. Заўтра спадара Сіўчыка маюць выпісаць са шпіталя, як складзецца яго лёс пасьля гэтага, – невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG