Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АБСЭ асуджае затрыманьні журналістаў


Радыё Свабода Затрыманьні беларускіх і замежных журналістаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі парушэньнем прынцыпаў АБСЭ. Пра гэта заявіў сёньня упаўнаважаны гэтай міжнароднай арганізацыі ў пытаньнях свабоды слова Міклаш Харашці.

Спадар Харашці падкрэсьліў, што атрымліваў зьвесткі, што ў Беларусі былі затрыманыя журналісты з Канады, Чэхіі, Францыі, Грузіі, Расеі, Польшчы, Украіны, Злучаных Штатаў, некаторыя зь іх былі асуджаныя да максымальнага адміністрацыйнага арышту на 15 сутак.

Міклаш Харашці 23 сакавіка зьвярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі. Адказу не было, было толькі паведамленьне беларускага тэлебачаньня аб зьбіцьці журналістаў гэтага каналу 25 сакавіка.

Хаця дакладная колькасьць інцыдэнтаў невядомая – адзначае ў сваёй заяве Міклаш Харашці, ёсьць пацьверджаньні зь незалежных крыніцаў, што многім беларускім і замежным журналістам перашкаджалі ў іхнай працы, іх арыштоўвалі і асуджалі на адміністрацыйны арышт.

Упаўнаважаны АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова падкрэсьлівае, што абарона журналістаў, якія выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, і гарантыі іхнай бясьпекі зьяўляюцца фундамэнтальнымі абавязкамі краінаў-сябраў АБСЭ.

Спадар Харашці адзначыў, што гэтыя абавязкі ўраду дзейнічаюць і ў тым выпадку, калі журналісты асьвятляюць і недазволеныя падзеі. “Адсутнасьць дазволу на мерапрыемства не зьяўляецца падставай для судовага перасьледу журналістаў, якія асьвятляюць яго” – заявіў упаўнаважаны АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова.
XS
SM
MD
LG