Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто рэальна перамог на парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне?


Сяргей Абламейка, Прага Падлік галасоў пасьля парлямэнцкіх выбараў на Ўкраіне можа завершыцца сёньня позна ўвечары. Аднак ужо ясна, што ніводная палітычная сіла ня здолее самастойна сфармаваць парлямэнцкую большасьць, а значыць і ўрад. Таму ў Кіеве пачаліся інтэнсіўныя кансультацыі.

Сяргей Абламейка, Прага

Нягледзячы на тое, што партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча набрала найбольшую колькасьць галасоў, рэальным пераможцам парлямэнцкіх выбараў на Ўкраіне назіральнікі называюць Юлію Цімашэнку.

Менавіта другое месца ейнага блёку робіць яе ключавым гульцом на пасьлявыбарчай палітычнай сцэне. Адначасова назіральнік згаджаюцца на думцы, што рэальным аўтсайдэрам выбараў варта лічыць прэзыдэнта Віктара Юшчанку і яго партыю “Наша Ўкраіна”.

Год назад, адразу пасьля аранжавай рэвалюцыі, Юшчанка меў падтрымку 70 працэнтаў выбарнікаў, цяпер жа яна не дасягнула і 20 працэнтаў.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу на праблемы, зь якімі можа сутыкнуцца фармаваньне парлямэнцкай кааліцыі. Саюз Юшчанкі зь Януковічам азначае для прэзыдэнта страту апошніх прыхільнікаў на захадзе краіны. А саюз зь Цімашэнкай – цяжкі для Юшчанкі дзеля шмат якіх прычынаў. Цімашэнка ўжо запатрабавала для свайго блёку месца прэм’ера і аднаго зь сілавых міністраў. Каманда Юшчанкі мае псыхалягічную несумяшчальнасьць зь "цімашэнкаўцамі". Вось што гаворыць карэспандэнт Радыё Свабода ў Кіеве Аскольд Крушэльніцкі:

(Крушэльніцкі: ) “Яны ведаюць, што дакладным коштам любой кааліцыі зь Цімашэнкай будзе выдаленьне з каманды Юшчанкі пяці-шасьці ключавых асобаў”.

Сама Юлія Цімашэнка ўжо запатрабавала падпісаньня мэмарандуму з партыяй Юшчанкі.

(Цімашэнка: ) “Прынцыповых разыходжаньняў няма, і тое, што падпісаньне мэмарандуму адкладаецца, гаворыць толькі аб тым, што цяпер ідуць дастаткова глыбокія дыскусіі ў самім блёку “Наша Ўкраіна”.

Для Юшчанкі будзе таксама вельмі цяжка ахвяраваць прэм’ерам Ехануравым.

Большасьць назіральнікаў сыходзяцца на тым, што будучая кааліцыя будзе "аранжавай". Сёньня ўжо адбыліся сустрэчы Віктара Юшчанкі зь лідэрамі партыяў, што прайшлі ў парлямэнт.

Другі ключавы гулец на ўкраінскай палітычнай сцэне, лідэр Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз заявіў сёньня, што падпісаў пагадненьне з блёкам Віктара Юшчанкі і вядзе перамовы з блёкам Цімашэнкі. На пытаньне журналістаў, якой будзе кааліцыя, Мароз адказаў адным словам: “Аранжавай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG