Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Грамада" зьбірае подпісы за вызваленьне Казуліна і іншых палітвязьняў


Радыё Свабода Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) распачала сёньня збор подпісаў грамадзян Рэспублікі Беларусь пад зваротам да Генэральнага пракурора з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня Аляксандра Казуліна і іншых палітычных вязьняў. Лідэр БСДП, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін быў моцна зьбіты і затрыманы разам зь іншымі дэманстрантамі падчас сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка.

Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Уладзімер Нісьцюк кажа, што цяпер асноўная задача ягонай партыі – пашырэньне інфармацыі ў рэгіёнах аб тым, што адбылося пад час і пасьля выбараў, што здарылася з Аляксандрам Казуліным і сотнямі іншых палітвязьняў, арыштаваных цягам апошніх дзён:

(Нісьцюк: ) “Распрацавалі мы плян правядзеньня пікетаў са зборам подпісаў па ўсёй краіне, ва ўсіх рэгіёнах, дзе ёсьць нашы арганізацыі. У нас усяго арганізацыяў у рэспубліцы ёсьць больш за сто. Тэкст зараз завяршаюць рыхтаваць спэцыялісты, мы рыхтуем шмат улётак, якія будуць распаўсюджвацца па ўсёй рэспубліцы”.

Сацыял-дэмакраты заклікаюць далучыцца да гэтай акцыі ўсіх грамадзян Беларусі. Подпісы са зваротам наконт незаконнасьці затрыманьня А. Казуліна і іншых палітвязьняў ды неабгрунтаванай жорсткасьці ў дзеяньнях сілавых структур будуць накіроўвацца на адрас Пракуратуры Беларусі. Акрамя таго БСДП (Грамада) шырока разгарнула інфармацыйную працу са сваімі замежнымі партнэрамі, Сацінтэрнам.

Нармальныя кантакты з апазыцыйнай кааліцыяй Мілінкевіча ў БСДП пакуль не наладжаныя, заявіў спадар Нісьцюк, і такім чынам прэзыдыюм Грамады вырашыў стварыць свой асобны камітэт па правядзеньні Чарнобыльскага шляху.

Вострыя супярэчнасьці паміж дзьвюма асноўнымі апазыцыйнымі сіламі Беларусі ўзьніклі пасьля таго, як А. Мілінкевіч назваў правакацыяй дэманстрацыю да пастарунку на Акрэсьціна, якую арганізаваў А. Казулін.

Сёньня спадар Мілінкевіч на прэсавай канфэрэнцыі паспрабаваў зьмякчыць свае ацэнкі:

(Мілінкевіч: ) “Мая першая рэакцыя, калі пайшлі людзі была такой эмацыйнай. Я лічу, што трэба заўсёды шукаць спосабы супрацоўніцтва. Мы не зьяўляемся ворагамі, хоць у нас істотныя стратэгічныя разыходжаньні і розныя мэты ў кампаніі, што зьяўляецца нармальным, шчыра кажучы. Трэба шукаць спосабы супрацоўніцтва”.

Намесьнік старшыні БСДП Мечыслаў Грыб лічыць, што супрацоўніцтва з апазыцыйнай кааліцыяй з часам удасца наладзіць, у першую чаргу ў справе дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў.

(Грыб: ) “Што здаецца сёньня невырашальным – заўтра вырашаецца. Я лічу, што альтэрнатывы перамовам няма. Трэба шукаць паразуменьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG