Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Польскае консульства прыпыніла працу падчас пікету БРСМ


Радыё Свабода Сёньня Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні адчынілася а 9-й раніцы й прыпыніла працу праз паўтары гадзіны. Генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі патлумачыў, што гэта было зьвязана зь пікетаваньнем консульства сябрамі БРСМ і пэнсіянэрамі.

Учора консульства ўвогуле не працавала: на беларуска-польскай мяжы ў Брузгах каля сутак трымалі віцэ-консула Януша Дамброўскага і самога спадара Крэнтоўскага, які прыехаў дапамагчы свайму намесьніку. Паводле тэлеканалу ОНТ, спэцслужбы лічылі, што віцэ-консул мог мець у машыне нелегальную літаратуру й грошы для беларускай апазыцыі.

Сёньня консульства апоўдні аднавіла працу. Генэральны консул Анджэй Крэнтоўскі сказаў, што пікетоўцы перашкаджалі нармальна абслугоўваць кліентаў. Паўтары гадзіны тыя, хто хацеў здаць дакумэнты на польскую візу, мусілі чакаць, пакуль прысутныя кіраўнікі мясцовага БРСМ не дадуць каманду закончыць пікет. Кіраўнік консульства зазначыў, што ім давядзецца прыпыняць абслугоўваньне беларускіх грамадзянаў, калі пікетоўцы будуць прыходзіць зноў.

Анджэй Крэнтоўскі сказаў, што іх зь Янушам Дамброўскім расцэньвалі ўчора ў Брузгах як злачынцаў, нават у прыбіральню яны мусілі хадзіць з суправаджэньнем — прычым, вайсковец увесь час знаходзіўся побач. Машыны польскіх дыпляматаў з усіх бакоў заблякавалі іншыя аўтамабілі.

(Крэнтоўскі: ) “І адзін час нават сабака працаваў — з аднаго боку, потым з другога. А потым яны вынялі з адной з машынаў аптэчку, і сабака яе абнюхваў. Гэта значыцца, хацелі паказаць нам, што ён у нас таксама штосьці будзе абнюхваць. Зразумела што нюхаць — наркотыкі”.

Людзі ў цывільным, якія кіравалі мытнікамі і памежнікамі, падыходзілі да дыпляматаў і заклікалі іх адчыніць багажнік. Але Анджэй Крэнтоўскі сказаў ім, што не выключае правакацыі зь іхнага боку. Ён зазначае: службоўцы спасылаліся на Венскую шматбаковую канвэнцыю аб консульскіх узаемаадносінах, хаця існуе двухбаковая дамова. Паводле яе, асабісты багаж дыплямата вызвалены ад догляду, і толькі ў надзвычайных абставінах яны могуць настойваць на доглядзе — але ня больш за тое, зазначыў спадар генэральны консул. Ён падкрэсьліў:

(Крэнтоўскі: ) “Справа вырашалася ня там, на КПП, а ў Варшаве на перамовах з спадаром надзвычайным амбасадарам Латушкам, якога запрасілі з самай раніцы, па-мойму. А таксама ў Менску, у консульскім упраўленьні МЗС недзе а 16-й гадзіне”.

Супрацоўнікам гарадзенскага консульства не дазвалялі сустрэцца са сваім кіраўніцтвам, а спадарам Крэнтоўскаму і Дамброўскаму не давалі праехаць ні ў Беларусь, ні ў Польшчу. Іх прапусьцілі толькі ўчоры ўвечары. Канфлікт трываў 21 гадзіну, і дыпляматы мусілі ўвесь час сядзець у сваіх машынах.

Паводле начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Юрыя Сянька, Дзяржаўны мытны камітэт накіраваў у МЗС Беларусі хадайніцтва забараніць уезд у Беларусь польскаму дыплямату Янушу Дамброўскаму. Пра гэта спадар Сянько сказаў у інтэрвію тэлеканалу ОНТ.
XS
SM
MD
LG