Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізалятарах стала цесна


Радыё Свабода У менскім спэцпрымальніку й ізалятарах Менскага раёну й вобласьці ўтрымліваюць некалькі соцень палітычных вязьняў. Камэры перанаселены. Арыштаваныя скардзяцца на кепскае харчаваньне. Ня ўсім сваякі здолелі перадаць цёплыя рэчы й харчы.

Дзяўчаты, якія адбываюць пакараньне ў ізалятары Менскага раёну, скардзяцца на кепскае харчаваньне. У судзе яны распавялі, што ў камэрах вельмі цесна, не хапае паветра. Такая ж сытуацыя ў жодзінскім ізалятары. А большасьць з арыштаваных будуць знаходзіцца ў такіх умовах палову месяца.

У камэрах менскага спэцпрымальніка, дзе раней трымалі так званых “сямейных хуліганаў”, бамжоў ды парушальнікаў нагляднага рэжыму пасьля вызваленьня зь месцаў пазбаўленьня волі, цяпер знаходзяцца палітвязьні.

Толькі дзьве затрыманыя жанчыны — Алена Лукашэвіч і Ларыса Андросік — у судзе былі пакараны штрафамі. Сотні іншых затрыманых арыштаваны. Некалькі дзён запар суды чыніліся над дзясяткамі чалавек. Менчукі назіралі, як людзей развозілі па судах на аўтобусах і аўтазаках. Ніводзін судзьдзя, дарэчы, зь дзевяці раённых судоў Менску, якому прыносілі адміністрацыйныя пратаколы для разгляду, ня вынес апраўдальнага прысуду. На думку Валерыя Фадзеева, які пасьля рэфэрэндуму 1996 году падаў у адстаўку з пасады намесьніка старшыні Канстытуцыйнага суду, гэткага й не магло адбыцца.

(Фадзееў: ) “На месцы тых судзьдзяў, якія лічаць сябе прынцыповымі, я зрабіў бы так: ці выносіў бы апраўдальнае рашэньне, ці сказаў бы, што ў такіх умовах працаваць ня буду, і пакінуў бы гэты суд. А казаць, што некаму далі 7 сутак, а не 15, і гэта, маўляў, вельмі гуманна й прынцыпова… На мой погляд, большасьць з тых людзей, якім інкрымінуюць нейкія парушэньні, такімі не зьяўляюцца. Калі б выносіліся рашэньні: “Не вінаваты”, то я сказаў бы, што гэта гуманна, гэта правільна, гэта адпавядае закону, такая пазыцыя судзьдзі й г.д.”

Групу з 59 дзяўчат падзялілі на дзьве часткі. Першых судзілі некалькі судзьдзяў — і каралі арыштам на чацьвёра сутак. Пасьля вынясеньня прысуду празь некалькі гадзін дзяўчат адпусьцілі на волю. Іншыя атрымалі кару арыштамі ад 10 да 15 сутак. Назіральнікі лічаць, што гэта было абумоўлена неабходнасьцю вызваліць некалькі камэр. Бо арыштаваных давялося б везьці ў ізалятары сумежных зь Менскай вобласьцяў.

Некалькі дзён запар ля брам ізалятараў стаяць у чэргах натоўпы людзей — каб перадаць палітвязьням харч і цёплыя рэчы. Да іх далучаюцца й такія, хто нават прозьвішчаў арыштаваных ня ведае. Але прапаноўваюць сваю дапамогу.
XS
SM
MD
LG