Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пікет БРСМ ля польскай амбасады (фота)


Радыё Свабода, Менск Прыкладна 30 маладых людзей, студэнтаў і навучэнцаў, якія назваліся сябрамі БРСМ, зладзілі сёньня раніцай пікет ля будынку польскай амбасады ў Менску. Пікетоўцы цьвердзілі, што акцыя санкцыянавана менскімі гарадзкімі ўладамі, і свой пратэст яны арганізавалі “без адрыву ад навучальнага працэсу”.

Пікетоўцаў ля дыпляматычнага будынку на вуліцы Румянцава ў Менску было чалавек 30 — яны трымалі чырвона-зялёныя сьцягі й скандавалі антыпольскія лёзунгі. Калі я падышла, хлопец, які назваўся Юрыем, папрасіў юнакоў і дзяўчат стаць шчыльней, бо іх будуць здымаць.

Прэтэнзіі БРСМ да Польшчы й ейнага ўраду Юры сфармуляваў наступным чынам:

(Юры: ) “Польскія грамадзяне знаходзіліся на гэтак званым майданчыку, на несанкцыянаваным мітынгу беларускай апазыцыі — гэта наўпростае ўмяшаньне”.

(Карэспандэнтка: ) “А, можа быць, польскія грамадзяне самі прыехалі, з уласнай ініцыятывы?”

(Юры: ) “З уласнай ініцыятывы там былі людзі… — напрыклад, былы польскі амбасадар. Гэта чалавек, які ўсё ж павінен адказваць за свае дзеяньні. Так, ён ужо не амбасадар, але, тым ня менш, ён дагэтуль рэпрэзэнтуе прыналежнасьць да Рэспублікі Польшча, да афіцыйных уладаў”.

Акцыі пратэсту ля польскай амбасады актывісты БРСМ ладзяць ужо чацьвёрты дзень, сюды прыходзяць студэнты й навучэнцы. Пры гэтым Юры запэўніў мяне, што з заняткаў нікога не здымалі: зь ягоных слоў, раніцай тут стаялі студэнты, якія вучацца ў другую зьмену.

(Юры: ) “А 13.45 пары пачынаюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “То бок, а 13.45 тут ужо нікога ня будзе?”

(Юры: ) “Не, чаму ж… Прыйдуць людзі, якія пасьля першай зьмены. Вось зараз людзі а дванаццатай сыдуць, прыйдуць іншыя. Мы папросту ўсё робім так, каб без адрыву ад навучальнага працэсу”.

Хоць акцыя была санкцыянаванай і мела на мэце падтрымаць беларускую ўладу, пікетоўцы вельмі неахвотна называлі свае імёны, а таксама месцы навучаньня.

(Карэспандэнтка: ) “Дзе вы вучыцеся, чаму вы сюды прыйшлі?”

(Хлопец: ) “Мы прыйшлі падтрымаць сваю родную краіну”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык дзе вы вучыцеся?”

(Хлопец: ) “А вам вельмі важна гэта ведаць?”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму ж не? У вас жа ж санкцыянаванае мерапрыемства, вы падтрымліваеце Аляксандра Лукашэнку…”

(Хлопец: ) “У БНТУ вучуся я”.

(Карэспандэнтка: ) “І вас з заняткаў не здымалі?”

(Хлопцы, хорам: ) “Не, не! Мы самі прыйшлі сюды. Мы самі прыйшлі падтрымаць нашу краіну. Мы за квітнеючую Беларусь, хочам, каб у нас было па-ранейшаму ўсё добра, мірна і ўтульна.

(Іншы хлопец: ) “На прыкладзе Ўкраіны мы ўжо ўбачылі, як там у іх лепей. У мяне знаёмы жыве пад Кіевам — ён ведае”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі вы ніколі не былі ва Ўкраіне?”

(Хлопец: ) “Не”.

Фотарэпартаж





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG