Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камэру Казуліну не дазволілі перадаць кнігі й газэты


Радыё Свабода Сьледчыя запрасілі адваката Ігара Рынкевіча прысутнічаць пры сьледчых дзеяньнях паводле справы Аляксандра Казуліна. Паводле адваката, гэта азначае выстаўленьне абвінавачаньня ў крымінальным злачынстве былому кандыдату на прэзыдэнта. Між тым, пракуратура Беларусі дагэтуль не зрабіла заявы адносна справы Казуліна.

Абвінавачаньне Аляксандру Казуліну, магчыма, прад’явяць 30 сакавіка. Гэта паведаміў “Свабодзе” адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч пасьля сёньняшняй тэлефоннай размовы са сьледчым Аляксандрам Кунцэвічам. Сьледчы запрасіў адваката раніцай 30 сакавіка прыехаць у Жодзінскі ізалятар.

(Рынкевіч: ) “Плянуецца ў чацьвер а 9-й гадзіне раніцы выехаць туды — верагодна, дзеля сьледчых дзеяньняў. Якіх? Хутчэй за ўсё, мінімум — допыт, а прад’яўленьне абвінавачаньня і допыт — максымум. Абвінавачаньне паводле 339 артыкулу”.

Нагадаем, што 339 артыкул — гэта хуліганства. Ён складаецца з трох частак, зь якіх самая сур’ёзная трэцяя — злоснае хуліганства, што азначае выкарыстаньне альбо пагроза выкарыстаньня зброі альбо выбуховых рэчываў. Паводле гэтай часткі артыкулу прадугледжана пакараньне да 7 гадоў зьняволеньня.

Агенцтва “Інтэрфакс” ужо распаўсюдзіла зьвесткі, нібыта Казуліна абвінавацілі ў арганізацыі 25 сакавіка групавых дзеяньняў, якія парушылі грамадзкі парадак з выкарыстаньнем выбуховых рэчываў. “Інтэрфакс” у гэтым паведамленьні спасылаецца на Ірыну Казуліну. Аднак Ірына Казуліна назвала гэтыя зьвесткі хлусьлівымі. “Такога я “Інтэрфаксу” не казала”, — заявіла жонка палітыка ў камэнтары для Радыё Свабода.

Учора, 27 сакавіка, у прэсавай службе пракуратуры Беларусі паведамілі, што рыхтуюць заяву, у якой будзе дадзена прававая ацэнка дзеяньням Аляксандра Казуліна. Дагэтуль заява пракуратуры не агалошаная. “Нічога паведаміць ня можам”, — сказаў пра гэта супрацоўнік пракуратуры Ягор Лявай.

Жонка Аляксандра Казуліна Ірына паведаміла, што сёньня ўдалося перадаць мужу ў ізалятар харчы й некаторыя рэчы. Не прынялі толькі кнігу па гісторыі дачыненьняў Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы.

(Казуліна: ) “Мы хацелі яму гістарычную кнігу перадаць, але ж нельга. Гэтую кнігу ён сам набыў, аднак не пасьпяваў прачытаць. Яна называецца “Войны Маскоўскай Русі зь Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у 14—17 стагодзьдзях”. Там шмат інфармацыі, і мы радаваліся, што калі дадуць яе перадаць, то будзе яму што пачытаць. Але ж не”.

Паводле адваката, Аляксандар Казулін забарону атрымліваць кнігі й газэты пракамэнтаваў словамі “Прафэсару не даюць чытаць”. Сёньня сваякам Казуліна дазволілі перадаць яму шахматы і нарды.
XS
SM
MD
LG