Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга каля спэцпрымальніка на Акрэсьціна ня меншае 8-ыя суткі


Радыё Свабода Каля спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна ў Менску восьмы дзень стаяць сваякі людзей, затрыманых з намётавага лягеру і падчас сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка. Ахвочых перадаць цёплае адзеньне, асабістыя рэчы й ежу штодня тут зьбіраецца больш за дзьвесьце чалавек. Усе гэтыя людзі абураныя падзеямі апошніх дзён.

Чарга да спэцпрымальніка на Акрэсьціна ня меншае, а таму сьпіс наведнікаў людзі перадаюць зь вечара на ранак.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вялікі ваш сьпіс?”

(Спадарыня: ) “202 чалавекі — гэта тыя, хто запісаўся нешта перадаць. Колькі пройдзе, невядома. Бо тут ідуць і ўчорашнія, і сёняшнія. Зараз ідзе 64-ты чалавек”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы даўно стаіце й ці спадзеяцеся патрапіць?”

(Юнак: ) “З учорашняга дня. Мы тут пазьменна чаргу трымаем”.

(Юначка: ) “Там сядзяць нашыя сябры-маладафронтаўцы. Мы да іх ужо чацьвертыя суткі прарываемся, а тут такая чарга. Сябры чацьвертыя суткі сядзяць галодныя”.

(Іншая юначка: ) “А некаторыя людзі тут увогуле зь серады. Ім другі раз нешта перадаць не дазваляюць”.

(Іншая юначка: ) “Гэта проста жахліва. Гэтым улада проста паказвае сваю слабасьць. Што людзі, моладзь, студэнты сядзяць за кратамі, а бацькі стаяць тут і плачуць па іх”.

Акрамя непакою й хваляваньня сваякі зьняволеных выказваюць абурэньне дзеяньнямі ўлады.

(Спадар: ) “У нашага кіраўніка проста нячыстае сумленьне, і ён пойдзе на ўсё — ён тысячы людзей пакладзе на пляцы, каб толькі застацца пры ўладзе. Ён будзе прыкрывацца гэтымі замбаванымі бабцямі, якія, можа, 20—30% адсоткаў галасоў яму й даюць, а астатняе фальшаваньне. І гэтага не замоўчыш, працэс жа пайшоў!”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, пасьля таго, што адбылося, ці хопіць у людзей гарту і сьмеласьці?”

(Спадар: ) “Па-мойму, яшчэ больш”.

(Іншы спадар: ) “Па-мойму, яшчэ больш. Яны вось гэтымі сваімі дзеяньнямі ўдвая пабольшылі людзей”.

(Спадар: ) “Ён зрабіў памылку, гэткай хлусьні людзі яму не даруюць”.

(Іншы спадар: ) “Тут толькі моладзь ішла, а цяпер і бацькі пойдуць”.

(Спадарыня: ) “Апазыцыя стане больш ціхая, але больш дзейная”.

(Спадар: ) “Прыйдзе час! Людзі яго паставяць на месца”.

(Іншая спадарыня: ) “Мы першыя выйдзем на любы мітынг і на любую акцыю. Ён загнаў сябе ў кут: нават тых, хто за яго, супраць сябе настроіў. Ён проста баіцца. Калі ты сапраўды моцны прэзыдэнт, разумны прэзыдэнт, то чаму ён тады гэтак абыходзіцца са сваім народам? Нават міліцыя не задаволена тым, што адбываецца. І злуюцца менавіта на цяперашнюю ўладу, а не на гэтыя падзеі”.
XS
SM
MD
LG