Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля тыднёвай адсутнасьці Аляксандар Лукашэнка правёў нараду


Радыё Свабода, Менск Ад 20 сакавіка, калі Аляксандар Лукашэнка правёў прэсавую канфэрэнцыю, на тэлеэкранах ён больш не зьяўляўся. Цягам тыдня гэтаксама не праводзіліся нарады, сходы й сустрэчы з афіцыйнымі асобамі. Зьяўлялася інфармацыя, што Лукашэнка ад’ехаў зь Беларусі, пра што ўскосна сьведчыла й навіна наконт адтэрміноўкі працэдуры інаўгурацыі.

Толькі сёньня, больш чым праз тыдзень, кіраўнік краіны зноў паўстаў на беларускіх тэлеканалах — падчас правядзеньня нарады ў пытаньнях сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня.

Павал Лёгкі, кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі не пацьвердзіў інфармацыі, што 2 красавіка Лукашэнка зьбіраецца ў Маскву, каб адзначыць так званы Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі.

(Лёгкі: ) “З нагоды таго, куды зьбіраецца прэзыдэнт 2 красавіка… Апошнім часам зьявілася шмат фантазій, якія выдаюцца за праўду, узятую зь нейкіх незразумелых крыніцаў. Калі прэзыдэнт зьбіраецца накіравацца за межы краіны, пра гэта ідуць афіцыйныя паведамленьні прэсавай службы. Што датычыць апошняга працоўнага тыдня кіраўніка дзяржавы, то ён знаходзіўся ў Беларусі, працаваў у адпаведнасьці са сваім графікам, таму няма падставаў для чутак, што А.Лукашэнка кудысьці зьнік на тыдзень”.

У часе сёньняшняй нарады ў пытаньнях сыстэмы дзяржкіраваньня Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Усялякія палітычныя баталіі завершаны. У краіне з дапамогай сілавых органаў зноў усталяваны мір і парадак, як і быў, нягледзячы на асобныя ўсплёскі”.

Але што ў такім разе перашкодзіла працэдуры інаўгурацыі 31сакавіка, як было абвешчана раней? Пра гэта я запытаўся ў прэсавага сакратара Паўла Лёгкага.

(Лёгкі: ) “Казаць пра адтэрміноўку можна толькі ў тым выпадку, калі заяўлена афіцыйная дата інаўгурацыі. Калі афіцыйная асоба празь дзяржаўныя СМІ (прыкладам, на старонках “Советской Белоруссии” ці па Беларускім тэлебачаньні) абвясьціла, што ў нейкі канкрэтны тэрмін адбудзецца інаўгурацыя, а потым гэтая ж асоба, якая мае статус афіцыйнай асобы (зноў жа, праз інфармацыйныя каналы) заяўляе, што тэрмін пераносіцца, — вось гэта я называю пераносам”.

Я пацікавіўся: як тады расцэньваць заяву старшыні Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзіі Ярмошынай, якая 23 сакавіка, у часе падсумаваньня канчатковых вынікаў галасаваньня, асабіста абвясьціла дзень інаўгурацыі — 31 сакавіка?

(Лёгкі: ) “Так, яна называла гэты тэрмін. Нейкія матывы былі. Але, ува ўсялякім выпадку, я магу сказаць, што дакладнага тэрміну ня ведаю”.

Сёньня сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік таксама быў змушаны паправіць Лідзію Ярмошыну. Спадар Лазавік удакладніў, што дату інаўгурацыі вызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG