Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Піменаў пачаў у Брусэлі галадоўку пратэсту


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня (Бэльгія) Зьміцер Піменаў пачаў у цэнтры Брусэлю галадоўку на знак пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Зьміцер Піменаў кажа, што прыняў рашэньне пачаць галадоўку, калі даведаўся аб тым, як шмат людзей былі затрыманыя ў Беларусі ў часе акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

(Піменаў: ) “Я быў вельмі абураны тым, што пасадзілі столькі людзей. Мой пікет, мая галадоўка - гэта знак салідарнасьці з тымі, хто цяпер сядзіць у турмах. Салідарызуюся і дзякую асабліва спадарам Плешчанку і Хамайду, якія, нягледзячы ні на што, столькі гадоў змагаюцца за свабоду і незалежнасьць Беларусі”.

Старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня знаходзіцца на плошчы імя Робэрта Шумана – там месьцяцца офісы галоўных эўразьвязаўскіх структураў. Спадар Піменаў мае намер трымаць галадоўку да дня інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, а гэты дзень беларускі актывіст заклікае зрабіць днём грамадзянскага непадпарадкаваньня.

(Піменаў: ) “Я хацеў бы, каб у дзень інаўгурацыі беларусы стварылі невыносную атмасфэру для дыктатара, бо якая ж можа быць інаўгурацыя, калі гэта звычайная ўзурпацыя ўлады. Хацеў бы, каб моладзь гэта падтрымала”. Зьміцер Піменаў кажа, што да яго плянуюць далучыцца некалькі бэльгійцаў – прадстсўнікоў адной з палітычных партыяў, якія таксама лічаць, што пададзеныя ўладамі вынікі выбараў у Беларусі не адлюстроўваюць волі беларускага народу.
XS
SM
MD
LG