Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі палітык: “Менш засяроджвацца на Лукашэнку”


Радыё Свабода Былы намесьнік міністра замежных справаў Чэхіі, прэзыдэнт Чэскай Эўраатлянтычнай Рады Аляксандар Вондра надрукаваў у чэскай газэце MF Dnes аналітычны артыкул, у якім параўноўвае выбары ў Беларусі і Ўкраіне. Аляксандар Вондра робіць выснову, што Расея гэтак і не дамаглася першых посьпехаў у рэалізацыі свайго імкненьня вярнуць Беларусь і Ўкраіну пад поўны кантроль Крамля.

Чаканай “джынсавай рэвалюцыі” ў Беларусі пакуль не адбываецца, канстатуе Аляксандар Вондра. Выбары прэзыдэнта былі ад пачатку зманіпуляваныя, а рэжым Лукашэнкі пасьпяхова прадухіліў спробы абуджэньня грамадзтва. Нягледзячы на тое, што кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сваёй актыўнай кампаніяй прыцягнуў ўвагу грамадзкасьці і аднойчы зможа стаць лідэрам дэмакратычнай Беларусі, прынцыповых зьменаў пакуль яшчэ трэба пачакаць, лічыць былы намесьнік міністра замежных справаў Чэхіі і задае наступнае пытаньне: “Ці з’яўляецца няўдача дэмакратыі ў Беларусі пунктам звароту, адступленьнем ад таго, што было дасягнута посьпехамі рэвалюцый ва Украіне і Грузіі? ”

Паводле Аляксандра Вондры, тая пасьпешлівасьць, зь якой прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін даслаў свае віншаваньні ў Менск, роўна як і спробы Расеі паўплываць на сытуацыю ў суседніх дзяржавах акцыямі ціску і сэлектыўнай цэнавай палітыкай ў пастаўках газу, наводзяць на іншыя думкі. Аўтар артыкулу ў чэскай газэце робіць выснову, што Расея так і не дамаглася першых посьпехаў у рэалізацыі свайго імкненьня вярнуць гэтыя дзяржавы пад поўны кантроль Крамля. Аляксандар Вондра, параўнаўшы выбарчыя кампаніі ў Беларусі і Ўкраіне, адзначае, што Менск і Кіеў цяпер як дзень і ноч. У Беларусі недзяржаўны сэктар ліквідаваны, апазыцыя ня мае ніводнага дэпутата ў парлямэнце, няма доступу да СМІ, няма ані фінансаў, ані будынку, апазыцыянэраў увесь час перасьледуць і арыштоўваюць. Тым часам як ва Ўкраіне, паводле Аляксандра Вондры, склалася дэмакратыя, якая вібрыруе і самаўзмацняецца. Аўтар лічыць, што ва Ўкраіне прайшла найбольш свабодная і сумленная выбарчая кампанія ў гісторыі дзяржавы. І цяпер украінцы будуць вымушаныя вучыцца кампрамісам, і, магчыма, спрошчанага дзяленьня на “аранжавых” і “блакітных” альбо “добрых” ці “дрэнных” будзе ўжо недастаткова. Але вяртаньня ў мінулае ня будзе, ўпэўнены Аляксандар Вондра.

Паводле былога намесьніка міністра замежных справаў Чэхіі, будучыня Беларусі і Ўкраіны знаходзіцца ў руках іх грамадзянаў. Мы, аднак, павінны ім дапамагаць, лічыць Аляксандар Вондра. У выпадку Беларусі гэта значыць, што трэба менш засяроджвацца на Лукашэнку, а больш – на сэрцах і думках тых, хто стварае будучыню гэтай дзяржавы. З практычнага пункту гледжаньня гэта азначае канкрэтную дапамогу – камунікацыйную, адукацыйную, матэрыяльную і фінансавую – беларускай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG