Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюш Машкевіч: “Моладзь з Плошчы нагадвае герояў Гісторыі”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя.

27 сакавіка Ленінскі суд сталіцы асудзіў колішняга амбасадара Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча на 15 сутак арышту. Былы дыплямат заявіў: ён ганарыцца сваім удзелам у падзеях 24 сакавіка, калі ўлады зьліквідавалі намётавы лягер...

Прыкладна за гадзіну да таго, як на Плошчы зьявіліся “аўтазакі”, мне давялося пагутарыць са спадаром Марыюшам.

(Карэспандэнт: ) “Чую, Вы на плошчы?”

(Машкевіч: ) “Так, на ёй!”

(Карэспандэнт: ) “Як дабраліся да нас – ці былі праблемы на мяжы?”

(Машкевіч: ) “Спакойна, нават зьдзівіўся, што так прапусьцілі нармальна”.

(Карэспандэнт: ) “І чым гэта тлумачыце?”

(Машкевіч: ) “Мо не заўважылі? Я не з дыпляматычным пашпартам быў, а з такім турыстычным...”



Пасьля, калі Машкевіча арыштавалі і нават зьбілі, я прыгадаў гэтую рэпліку палітолягу Ўладзімеру Падголу, які рэгулярна кантактаваў са спадаром Марыюшам нават тады, калі той пасьля дыпляматычнай службы ў Беларусі вярнуўся ў Польшчу. (Падгол: ) “Ён зьбіраўся прыехаць сюды назіральнікам, але потым, у самы апошні момант, мы размаўлялі, і ён кажа: “Мяне папярэдзілі, што калі я тут зьяўлюся, то зазнаю вельмі жорсткія рэпрэсіі”, – вось і не паехаў назіральнікам на выбары”.

Чаму ж празь нейкі час Марыюш Машкевіч вырашыў памяняць сваё рашэньне? Тым больш, вяртаньне ў якасьці турыста было куды больш небясьпечным... Вось яшчэ адзін фрагмэнт з нашай размовы ўначы 24 сакавіка:

(Машкевіч: ) “Я ж прыехаў кіраваць рэвалюцыяй... Жарт, канечне! Насамрэч я проста хачу падтрымаць людзей, прыняць удзел у тым, што параўноўваю зь дзейнасьцю Махатмы Гандзі, зь іншымі рухамі, скіраванымі на змаганьне з дыктатурай. Зь любым гвалтам. Я прыехаў гадзіну таму, і адразу сюды, на плошчу”.

Журналіст-міжнароднік Раман Якаўлеўскі так камэнтуе выказваньне Марыюша Машкевіча:

(Якаўлеўскі: ) “Гэта, на мой погляд, лягічны працяг ягонай жыцьцёвай пазыцыі”.

І ў якасьці аргумэнту прыводзіць наступны факт:

(Якаўлеўскі: ) “Машкевіч у маладосьці быў адным з заснавальнікаў радыкальнай антыкамуністычнай арганізацыі “Пакой і воля” ў Кракаве. Плятформа якой, жартуюць мае знаёмыя палякі, была такая: правей – толькі сьцяна...”

Палітоляг Уладзімер Падгол дадае яшчэ адзін штрых у партрэт Марыюша Машкевіча:

(Падгол: ) “Ён ужо сядзеў у турме падчас ваеннага камунізму ў Польшчы. Тады ён адмовіўся служыць, браць зброю”.

Гэта супярэчыла духоўным перакананьням будучага амбасадара, які ў маладосьці пэўны час жыў у манастыры, дзе пачаў пісаць на духоўную тэматыку, друкавацца ў розных выданьнях. Дыпляматычная служба дала Марыюшу Машкевічу магчымасьць разьвіць гэты талент, лічыць палітоляг Уладзімер Падгол. (Карэспандэнт: ) “Чаму ён так цікавіўся Беларусьсю: гэта прафэсійнае або тут нейкія карані?”

(Падгол: ) “У Вялікім княстве Літоўскім ягоны продак быў вельмі вядомым літаратарам. Калі ён зьяжджаў, то напісаў выбітны літаратурны мастацкі твор. Але – пад псэўданімам, па сёньня людзі ня ведаюць аўтара. У беларускамоўнай моладзі, інтэлігенцкім асяродку гэты твор выклікаў проста выбуховую рэакцыю!”

Павал Шарамет, які сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна ў адной камэры з Марыюшам Машкевічам, расказаў, што той пастаянна кантактаваў з маладымі суседзямі, падтрымліваў іх, расказваў шмат цікавага са свайго багатага на падзеі й сустрэчы жыцьця... Тры дні таму, дарэчы, я таксама чуў, як спадар Марыюш разважаў пра перапляценьне гісторыі й сучаснасьці.

(Карэспандэнт: ) “Якое ўражаньне пакідае Кастрычніцкі пляц, які многія прапануюць цяпер перайменаваць у плошчу імя Кастуся Каліноўскага?”

(Машкевіч: ) “Мне вельмі даспадобы такая ідэя. Бо гэтае прозьвішча аднолькава годна гучыць і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Беларусі. Ён вялікі асілак, вялікі герой усіх нашых краінаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць нешта падобнае ў ягоных нашчадкаў – у гэтых маладых людзей, якіх вы зараз бачыце побач з сабой?”

(Машкевіч: ) “Вельмі моцна яны трымаюцца, як людзі з выдатнай гісторыі Беларусі, што змагаліся за свабоду і за незалежнасьць”.

...Неяк спадар Машкевіч расказаў пра адзін эпізод са старажытнай гісторыі. Рымскага ваяра, якога звалі Марыюшам, паставілі перад выбарам: ці ён адракаецца ад Хрыста, і тады будзе памілаваны, ці будзе пакараны за сваю веру...

Як і далёкі ягоны цёзка, Марыюш Машкевіч застаўся верным сваім ідэалам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG