Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзінскім ізалятары пятыя суткі галадаюць 20 чалавек


Радыё Свабода У ізалятарах Менску і менскай вобласьці за тыдзень колькасьць палітвязьняў павялічылася да тысячы чалавек. Сярод іх людзі, якіх затрымалі на Кастрычніцкай плошчы, побач зь ёй і ў часе разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага 25 сакавіка. Некалькі чалавек, якіх трымаюць у Жодзінскім ізалятары, галадаюць на знак пратэсту супраць незаконных прысудаў.

У Жодзінскім ізалятары пятыя суткі галадаюць 20 чалавек, сярод якіх Зьміцер Палойка з Баранавічаў, Дзяніс Зюкаў з Менску, Стас Пачобут з Горадні, Васіль Хадневіч з Рудзенску, Максім Буйніцкі з Бабруйску ды іншыя арыштаваныя пасьля ліквідацыі намётавага лягеру ў ноч з 23 на 24 сакавіка. Яны паведамілі аб гэтым учора пасьля вынясеньня прысудаў. Людзей судзілі з 24 сакавіка. У той дзень у суды прывезьлі толькі траціну агульнай колькасьці затрыманых на Кастрычніцкай плошчы. Справа ў тым, што ў суды даставілі яшчэ й тых, каго затрымалі 23 сакавіка раніцай і позна ўвечары за спробу перадаць на плошчу тэрмасы з гарачай кавай і гарбатай, а таксама цёплыя рэчы для ўдзельнікаў акцыі.

Цягам апошняга тыдня старшыні судоў мабілізавалі на разгляд так званых “палітычных” адміністрацыйных справаў амаль усіх судзьдзяў. Гэта адбылося пасьля таго як судам давялося працаваць да 22 гадзіны вечара. Адміністрацыйныя судзьдзі, якіх звычайна ў судах два ці тры чалавекі, не спраўляліся з колькасьцю справаў затрыманых. Апошні раз гэта было ў судзе Фрунзенскага раёну, калі судзілі грамадзянаў Украіны са “Студэнцкага брацтва” і беларускіх апазыцыянэраў напярэдадні даты выбараў.

Пасьля 19 сакавіка колькасьць затрыманых нават павялічылася. Судзіць сталі ў розных судах, а камэры спэцпрымальніка на вуліцы Акрэсьціна сталі хутка перанасяляцца за кошт новых рэпрэсаваных. Людзей сталі размяркоўваць у ізалятары менскага раёну і вобласьці. Але й там стала цесна – апроч некалькіх сотняў арыштаваных беларусаў у камэрах таксама трымаюць грамадзянаў Расеі, Украіны, Польшчы, Канады і Францыі.

Паколькі сярод палітвязьняў большасьць складаюць студэнты, іх бацькі вельмі непакояцца, што дзяцей адлічаць з вучобы. Самі студэнты больш аптымістычна глядзяць у будучыню. Я размаўляла зь імі за дзьве гадзіны да ліквідацыі намётавага лягеру. Вось, што яны казалі.

(Стужка:) “Я сам зь БІПу, зь Беларускага інстытута правазнаўства. Ва ўсе інстытуты прыйшла сёньня пастанова Радзькова. Цяпер штодня ў нас ідзе папера ў Міністэрства адукацыі. У нас зьявілася інфармацыя, што ўжо 220 чалавек трапілі ў “чорны сьпіс” на адлічэньне. Цяпер мы ўсе ў чаканьні. Мы будзем стаяць да апошняга, таму што мы стаім за свабоду, за праўду, за справядлівасьць. Мы хочам жыць у свабоднай эўрапейскай краіне, а, калі ўлады нам забараняюць, то мы будзем вучыцца ў Польшчы, але й тут змагацца таксама.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG