Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін напісаў скаргу Генэральнаму пракурору (фота)


Радыё Свабода Сёньня адвакат былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч быў упершыню за два дні дапушчаны да свайго падабароннага. Сустрэча цягнулася паўтары гадзіны на тэрыторыі жодзінскага сьледчага ізалятара №8. Спадар Казулін праз адваката заявіў, што бойка на праспэкце Дзяржынскага была справакаваная ўладамі і заявіў, што яго зьбівалі пад час затрыманьня і не па-людзку абыходзіліся ў час транспарціроўкі з Заводзкага РУУС у Жодзіна.

Аляксандар Казулін заявіў адвакату, што ён не зламаны, што ён заклікае сваіх прыхільнікаў надалей змагацца за дэмакратыю ў Беларусі і не прызнае сябе вінаватым. Спадар Казулін, аднак, знаходзіцца ў кепскім фізычным стане, і фактычна не можа удзельнічаць у сьледчых дзеяньнях. У яго тэмпэратура 37,8 градуса, падчас затрыманьня ў яго была моцна пабітая сьпіна, на каленях раны і сінякі, якія ўжо апрацаваныя лекарамі, гаворыць адвакат Ігар Рынкевіч:

(Рынкевіч: ) “У яго вялікая гематома на правым калене, на левым калене ўшыб, не меней двух раз яго ўдарылі гумовай палкай па сьпіне, гэта тая траўма якая цяпер яму вельмі баліць, у ніжняй частцы сьпіны ў яго ўтварылася пухліна і ён цягне левую нагу, і ён казаў, што йдзе аняменьне левай нагі”.

Раны і сінякі ўтварыліся падчас перавозкі Казуліна з Заводзкага РАУС Менску ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. Казулін сказаў адвакату, што яго перавозілі супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” у чорных масках, якія трымалі яго на каленях і нацягвалі шапку на вочы, каб ён ня бачыў куды едзе. Паводле Казуліна, падчас перавозкі “алмазаўцы” некалькі разоў дасылалі патрон ў патроньнікі аўтаматаў, каб яго запалохаць, а таксама абражалі яго.

Пад час знаходжаньня ў Заводзкім РУУС да спадара Казуліна былі выкліканыя дзьве машыны хуткай дапамогі, абедзьве брыгады мэдыкаў настойвалі на ягонай шпіталізацыі. Але міліцыя не дазволіла. Нягледзячы на фізычныя пакуты спадар Казулін адувае сябе бадзёра, кажа адвакат Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) “Магу сказаць, што выглядае бадзёра, наладаваны на барацьбу, упэўнены ў сваёй праўдзе. Ён вельмі дакладна хацеў давесьці, што ён паказаў, што ўлада баіцца законных захадаў, і сказаў, што са свайго боку ён зрабіў усё, каб не дапусьціць ні правакацыяй, ні гвалту”.

Жонка і дачка Казуліна, Ірына і Юлія, праз адваката перадалі яму вестку аб тым, што беларуская і міжнародная грамадзкасьць патрабуе ягонага вызваленьня, і што яго чакаюць у сям’і.

(Ірына Казуліна: ) “Я лічу, што трэба працягваць гэтую працу, трэба выходзіць 31 сакавіка, бо калі мы гэта пакінем да 26 красавіка, то гэта будзе няправільна. Трэба прыйсьці на Акрэсьціна, трэба прыйсьці да “Валадаркі”, дзе сядзяць людзі, пра многіх з якіх яшчэ ня ведаюць бацькі”.

Дачка Казуліна Юлія пераказала бацьку праз адваката наступныя словы:

(Юлія: ) “ Я яму пераказала, што я яго вельмі хачу бачыць 4 красавіка на маё 20-годдзе, што я яго вельмі чакаю, што я яго вельмі кахаю, што мне вельмі безь яго кепска…Я лічу, што гэта толькі пачатак пратэсту, яшчэ вельмі шмат працы наперадзе, і я не баюся, наперад, у бой…”

Аляксандар Казулін ужо ў Жодзіне напісаў Генеральнаму пракурору Беларусі скаргу на зьбіцьцё падчас затрыманьня і на негуманнае абыходжаньне зь ім ды іншымі затрыманымі 25 сакавіка маніфэстанамі.

На фота: Юлія і Ірына Казуліны каля сьледчага ізалятару ў Жодзіне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG