Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія кіраўнікі выказаліся адносна абвінавачаньняў БТ на адрас Літвы


Тацяна Поклад, Вільня Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус пацьвердзіў, што Літва ня будзе рэагаваць на заявы беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, быццам літоўскі МЗС браў удзел у арганізацыі мітынгаў у Менску. Кіраўнікі Літвы адзначылі, што абраза на адрас Літвы будзе абмяркоўвацца, але спрачацца з журналістамі з тэлевізіі, кантраляванай дыктатарскім рэжымам, афіцыйная Літва ня будзе.

Сёньня журналісты з найбольшых літоўскіх СМІ (Delfi, BNS) зьвярнуліся да кіраўнікоў Літвы з пытаньнямі адносна рэакцыі афіцыйнай Вільні на рэпартажы першага каналу дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Там заяўлялася, што замежныя прадстаўніцтвы Эўразьвязу маюць дачыненьне да арганізацыі беспарадкаў на вуліцах Менску, у якасьці беспасярэдняга арганізатара мітынгаў называўся міністар замежных справаў Літвы, якога беларуская тэлевізія назвала “Адамас Валёніс”.

Кіраўнік літоўскага дыпляматычнага ведамства Антанас Валёніс сёньня сказаў журналістам з гэтай нагоды:

(Валёніс: ) “Мы не камэнтуем такіх паведамленьняў. Гэта не ўваходзіць у функцыі ні Міністэрства замежных справаў, ні міністра замежных справаў – палемізаваць зь якой-небудзь тэлевізіяй”.

Тое, што Літва не зьбіраецца рэагаваць на рэпартажы БТ, пацьвердзіў і прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус:

(Адамкус: ) “Найперш няма ніякіх доказаў, што Літва брала ўдзел у якой-небудзь дзейнасьці. Калі дыктатарскі лад хоча нешта напрыдумляць, каб схаваць свае праблемы, так гэта яго ўласныя справы. Мы ня будзем гэта камэнтаваць”.

Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс кажа, што ўсё, што рабіла Літва, – гэта дапамога Беларусі ў фармаваньні грамадзянскай супольнасьці, усё паводле агульнай палітыкі Эўразьвязу што да Беларусі.

(Валёніс: ) “Літва арганізавала сур''ёзную дапамогу Беларусі ў фармаваньні грамадзянскай супольнасьці: і канфэрэнцыі, і сэмінары, таксама агульныя сустрэчы з апазыцыяй з удзелам Хавіера Саляны, прадстаўнікоў ЗША, пасьлядоўная праца ў падтрымку ўнівэрсытэту [Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту, адчыненага ў Вільні], каб ён атрымаў фінансаваньне. Усё гэта дачыняецца да стварэньня грамадзянскай супольнасьці, да павелічэньня сьвядомасьці людзей”.

Прэм''ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас абвінавачаньні беларускіх дзяржаўных журналістаў назваў “бязглузьдзіцай”:

(Бразаўскас: ) “Бязглузьдзіцы ў сьвеце шмат распаўсюджваецца. Тое самае я магу казаць, што гэта поўная лухта. Мы разам з Антанасам Валёнісам былі ў Брусэлі, якая там арганізацыя мітынгаў?”

Паводле прэм''ера, рэпартажы БТ абражаюць Літву, але гэта не азначае, што трэба на гэта адказваць абразамі. Альгірдас Бразаўскас сказаў, што інцыдэнт будзе абмяркоўвацца ў радзе абароны Літвы.

(Бразаўскас: ) “Вядома, абражае гэта Літву, бо тут нейкія высілкі [з боку афіцыйнай Беларусі] зь незразумелай мэтай”.

“Абсурдам”, які “шкодзіць абедзьвюм краінам – і Літве, і Беларусі”, назваў рэпартажы БТ кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў Юсьцінас Каросас. Яго намесьнік, сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Аўдроніс Ажубаліс лічыць:

(Ажубаліс: ) “Такіх абвінавачаньняў будзе і на адрас Літвы, і іншых яшчэ больш. Цяпер рэжым Лукашэнкі пачаў новую хвалю рэпрэсіяў. А каб іх апраўдаць, трэба ствараць вобразы вонкавых ворагаў”.

Літоўскія палітыкі, парлямэнтары заклікаюць не рэагаваць на закіды БТ і замест рэакцыі на беспадстаўныя абвінавачаньні яшчэ больш актыўна ўздымаць беларускае пытаньне на міжнароднай арэне.
XS
SM
MD
LG