Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын жонкі Аляксандра Мілінкевіча Ігар Кулей асуджаны на 15 сутак


Радыё Свабода У Фрунзенскім судзе Менска асудзілі сына жонкі Аляксандра Мілінкевіча, Іны Кулей, Ігара. Юнак атрымаў стандартнае для прыхільнікаў пераменаў пакараньне.

На 15 сутак асудзілі ў Фрунзенскім судзе Менска студэнта Ігара Кулея, сына Іны Кулей, жонкі Аляксандра Мілінкевіча. Іна Кулей, якая прысутнічала на працэсе, кажа, што абвінавачваньне і доказы былі стандартнымі, як і прысуд.

(Іна Кулей: ) “Абвінавачаньне было аднолькавае для ўсіх, бо мы былі напярэдадні на іншых працэсах і паўсюль усё было быццам пад капірку. Размахваў рукамі, удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, крычаў антыдзяржаўныя лёзунгі”.

Ігар Кулей не замаўляў адваката, бо палічыў гэта бессэнсоўным. Ён заявіў судзьдзю, што паводле Канстытуцыі мае права выказваць сваё стаўленьне да выбараў і таму ня лічыць, што дзейнічаў незаконна, калі знаходзіўся ў намётавым лягеры і разам з іншымі пратэставаў супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам на трэці тэрмін. Ігар Кулей лічыць незаконнымі рашэньні гарадзкіх уладаў аб забароне мітынгаў на Кастрычніцкай плошчы.

Разам з Ігарам Кулеем лягер прыхільнікаў перамен бараніла ягоная дзяўчына, менская студэнтка Вікторыя Сахарук. Яе таксама прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і пакаралі 7 суткамі арышту.
XS
SM
MD
LG