Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Францішак Багушэвіч (1840 – 1900)


Уладзімер Арлоў, Менск 21.3.1840, фальварак Сьвіраны (цяпер Вільнюскі раён, Літва) – 28.4.1900, в.Кушляны (Смаргонскі раён). Пахаваны ў в.Жупраны (Ашмянскі раён).

Багушэвіч з тых геніяў, якія ня проста выказваюць душу свайго народу, але і здольныя некалькімі радкамі вызначыць і запраграмаваць ягоны гістарычны шлях.

У Віленскай гімназіі ён сябруе з Зыгмунтам Мінейкам, братамі Цітусам і Канстанцінам Далеўскімі, якія ў 1863 годзе стануць паўстанцкімі камандзірамі. Францішак таксама будзе ў ліку тых, хто возьмецца за зброю, каб паказаць сьвету, што Літва-Беларусь ня стала на калені.

Ён ваяваў у аддзеле славутага Людвіка Нарбута. Большасьць паплечнікаў Багушэвіча змагаліся за Рэч Паспалітую ў межах 1772 году, ён жа – за Беларусь.

Пасьля раненьня ў сутычцы з царскімі карнікамі Францішку ўдалося ўратавацца ад астрожнай камэры й кайданоў, але за гэта давялося заплаціць двума дзесяцігодзьдзямі расстаньня з Радзімай.

У 1884 годзе ў Віленскім акруговым судзе зьявіўся новы адвакат, які, адрозна ад большасьці калегаў, з кліентамі-беларусамі гаварыў на іх мове. Яшчэ амаль ніхто ня ведаў, што менавіта на гэтай, забароненай у навучаньні і друку, у цэрквах і касьцёлах мове ён піша свае вершы.

Яго першая кніга – “Дудка беларуская” – выйшла ў 1891-м у Кракаве. Яна пачыналася з прадмовы, якую зноў і зноў цытуюць і ў XXI стагодзьдзі. Вы, пэўна ж, таксама памятаеце гэтыя актуальныя і сёньня словы: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!”

Багушэвіч ня толькі назваў нашую мову. Ён даў назву будучай краіне і акрэсьліў яе этнічныя межы: “ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня...”

Сёньня можна пачуць меркаваньне, што “нацыянальны праект” “мужыцкага адваката Багушэвіча” аказаўся ня самым плённым з магчымых. Але гісторыя, як вядома, ня мае ўмоўнага ладу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG