Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторых дзяўчат прывезьлі на суд у кайданках


Радыё Свабода, Менск Каля 25 удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы, затрыманых ноччу 24 сакавіка, былі сёньня дастаўлены з Жодзіна ў Заводзкі суд Менску.

Затрыманых прывезьлі ў Заводзкі суд спэцыяльным міліцэйскім транспартам — аўтазакам і аўтобусам. Іх суправаджала восем амапаўцаў у чорным адзеньні. Выводзілі актывістаў па адным — некаторых з завязанымі рукамі. Сваякі, сябры і аднадумцы ўдзельнікаў акцыі былі ўражаны гэтым відовішчам — іх ахоўвалі як небясьпечных крымінальных злачынцаў. Гаворыць хатняя гаспадыня зь Менску Ціна Палынская, якой удалося пазнаць некаторых знаёмых:

(Палынская: ) “Там дакладна былі Таня Сьнітко, Сьвета Станкевіч і Надзея Сянкевіч. Алі Сідаровіч няма. Значыць, яна недзе ў іншым месцы. Сянкевіч была без кайданкоў, а Станкевіч у кайданках. Я ўбачыла кайданкі”.

Усе, хто прыйшоў прывітаць затрыманых, спадзяваліся пабываць на судовым паседжаньні. Аднак кіраўніцтва суду і міліцыянты не дазволілі прысутнічаць пры разглядзе справаў ні журналістам, ні праваабаронцам, ні бацькам удзельнікаў акцыі.

Спаткацца з журналісткай “Нашай Нівы” Тацянай Сьнітко прыйшлі яе сястра Натальля і муж Зьміцер Гарбуноў. Аднак апошняга міліцыянты груба выгналі з будынку суду, што вельмі абурыла спадара Гарбунова:

(Гарбуноў: ) “Я падышоў да жонкі сказаць, што дома ўсё нармалёва зь дзецьмі, а мне: “Ідзі адсюль!”. Хіба гэта людзі? На якой падставе такое адбываецца? Гэта адміністрацыйна затрыманыя людзі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вядома, колькі ёй прысудзілі сутак?”

(Гарбуноў: ) “Мы ня ведаем. Яна сядзела і чакала там каля кабінэту. Яе прывялі туды наверх”.

Актывістцы каманды Мілінкевіча Галіне Кастыленцы ўдалося атрымаць прозьвішчы некалькіх жыхароў намётавага гарадка і даведацца пра вынікі разгляданых справаў:

(Кастыленка: ) “Шыла, Станкевіч (хлопец), Цераб, Скарабагаты, Хандога (можа быць, недакладнае прозьвішча), Івановіч, Шыманскі, Хамееў, Цімафееў, Чыкмароў — так, яны казалі свае прозьвішчы. Некалькі чалавек прайшлі — відаць, ім далі ўказаньне не называць прозьвішчаў. Альбо, можа, стомленыя дзеці. Шэйко Дзяніс — 15 сутак. Станкевіч (хлопец) — 15, кажу, бо ёсьць і дзяўчына Станкевіч. Скарабагаты — 15 сутак”.

Аднаму са сваякоў, якога прынялі за міліцыянта ў цывільным, удалося падглядзець, як судзілі затрыманых. Паводле яго словаў, іх ставілі тварам да сьцяны, а амапаўцы гаварылі судзьдзі, пры якіх абставінах іх затрымалі. Не ўдалося патрапіць на закрытыя паседжаньні і праваабаронцу Ўладзімеру Лабковічу, які так пракамэнтаваў Радыё Свабода ўбачанае ў Заводзкім судзе:

(Лабковіч: ) “Такога, як тут, у Заводзкім судзе, насамрэч, не было ніколі. Тое, што ад бацькоў, ад сваякоў, ад блізкіх людзей хаваюць любую інфармацыю пра працэсы — пра тое, дзе іх дзеці, што зь іх дзецьмі — гэта, канечне, нават не па-чалавечы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG