Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля спэцпрымальніка на Акрэсьціна зноў вялікія чэргі


Радыё Свабода У спэцпрымальніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна зноў пачалі прымаць перадачы для затрыманых у Менску 24 і 25 сакавіка. Аднак многія людзі дагэтуль ня ведаюць пра лёс сваіх арыштаваных дзяцей і сваякоў.

Спадарыня Тамара прыйшла на Акрэсьціна разам зь сяброўкай свайго сына. Яго арыштавалі ў суботу падчас акцыі пратэсту, але гэта здарылася выпадкова, заяўляе жанчына:

(Тамара: ) “Ён машыніст мэтро, ехаў на прымерку працоўнай формы. Вось яны разам зь дзяўчынаю ішлі, і тут гэткі натоўп. Яна неяк адбеглася, а яго чакалі-чакалі — няма. А тут ніхто нічога ня ведае й казаць ня хоча”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы пра гэта думаеце?”

(Тамара: ) “Няма словаў. Гэта такое бяспраўе! Я трэція суткі б’юся галавой вось аб гэтую сьцену і акрамя галаўнога болю нічога ня бачу. Бяспраўе поўнае! У якой краіне мы жывем?!”

Многія людзі прыходзяць сюды ня першы дзень, каб даведацца пра ўмовы ўтрыманьня зьняволеных, аднак ніякай інфармацыі ня маюць.

(Спадарыня: ) “Тут муж мой, рэчы забралі, нічога не вярнулі, я нічога пра гэта ня ведаю. Чатыры дні ходзім, каб перадачу перадаць. Гэта жахліва”.

Якраз сёньня выйшаў на свабоду адзін з удзельнікаў акцыяў пратэсту, Алесь Лышчык, якога затрымалі раней. Яго адразу ж атачылі людзі, каб хоць штосьці даведацца пра сваіх блізкіх і ўмовы іхнага ўтрыманьня:

(Спадарыня: ) “Паслухай, а хлопца там з рудымі валасамі не было?”

(Лышчык: ) “Не, не было”.

(Спадар: ) “Можа, прозьвішчы чые памятаеш, назаві?”

(Лышчык: ) “Ці ёсьць тут родныя Воўчака? Некаторых там моцна зьбілі. Вы нам перадачы прыносіце, а нам пэрыядычна карантыны ладзяць”.

Каб перадаць зьняволеным лекі, харчы і пітво, людзі мусілі станавіцца ў чаргу з чатырох гадзінаў раніцы. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Спадарыня: ) “Учора выйшаў малады хлопец і сказаў, што ў асноўным перадачы ім даходзяць з амбасадаў. А тое, што перадаюць бацькі, блякуецца”.

(Іншая спадарыня: ) “Ладзяць гэтыя натоўпы, чэргі”.

(Іншая спадарыня: ) “Нідзе ніякай інфармацыі, нідзе немагчыма нічога даведацца. Усё пакрыта нейкай таямніцай, хлусьнёй”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чаму так адбываецца?”

(Спадарыня: ) “Для мяне, напрыклад, з маім дзіцём гэта таксама было нечаканасьцю. Але на сёньня тут пастаўлена не эканамічнае пытаньне, а палітычнае ў пляне хлусьні”.

(Іншая спадарыня: ) “Два і тры — гэта пяць. А нам хочуць патлумачыць, што гэта васямнаццаць”.

(Іншая спадарыня: ) “Калі раней я, можа, і сумнявалася, то цяпер я на сто адсоткаў падтрымліваю сваю дачку і ўсю моладзь, якая тут знаходзіцца”.

(Спадарыня: ) “Я проста схіляюся перад гэтай моладзьдзю, больш у мяне словаў няма”.

Каб падтрымаць сваякоў затрыманых, сябры праваабарончага цэнтру “Вясна” прывезьлі й раздавалі ўсім ахвочым гарачую гарбату. Адначасна супрацоўнікі міліцыі фіксавалі нумары ўсіх прыватных аўтамабіляў, якія пад’яжджалі да будынку спэцпрымальніка на Акрэсьціна.
XS
SM
MD
LG