Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: апазыцыянэраў судзілі ва ўсіх трох раённых судах


Радыё Свабода, Віцебск Найбольшую колькасьць прысудаў вынесла судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Валянціна Міхасёва. Яна разглядала справы сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, затрыманых 25-га сакавіка на Плошчы Свабоды, дзе яны ладзілі віншавальную акцыю да ўгодкаў стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уладзімера Плешчанку, Барыса Хамайду і Алеся Пазьняка судзілі за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. У дзень затрыманьня яны выйшлі на плошчу зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам ды плякатамі, на якіх было напісана: “25 сакавіка 1918 году ўтварылася Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта найвялікшае сьвята Беларусі” і “Беларус, не хавайся ў бульбу! Выходзь бараніць сябе і лёс сваіх дзяцей!”

Спадароў Хамайду і Плешчанку, якія трымалі плякаты, судзьдзя Валянціна Міхасёва пастанавіла пакараць арыштам на 7 сутак, прычым па двое сутак з гэтага тэрміну апазыцыянэры ўжо адбылі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да сёньняшняга суду. Разам зь імі ў ізалятары двое сутак мусіў правесьці і Алесь Пазьняк, які стаяў на плошчы са сьцягам і якому судзьдзя сёньня вынесла толькі папярэджаньне. Паводле ягоных словаў, ніхто з трох падсудных не прызнаў свае віны.

(Пазьняк: ) “Гэта было адзначэньне агульнанацыянальнага сьвята – 25-га сакавіка, калі была ўтворана БНР у 1918-м годзе. І я не лічу, што ў нас гэта быў пікет, бо мы выражалі агульнанацыянальныя інтарэсы, а не нейкія групавыя інтарэсы. Мы выражалі інтарэсы ўсёй беларускай нацыі”.

Віцебскія сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ атрымалі самыя строгія пакараньні ў параўнаньні з іншымі затрыманымі 24-га і 25-га сакавіка. Так, у Першамайскім раённым судзе разгляд справы моладзевага актывіста Віталя Броўкі ўвогуле адклалі да 12-га сакавіка. Яго затрымалі 24-га сакавіка ў Менску і вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам ДАІ.

Спадар Броўка запатрабаваў запрасіць дадатковых сьведкаў, бо лічыць, што адзінай прычынай ягонага затрыманьня было чыйсьці загад любым коштам не дапусьціць ягонай прысутнасьці на Кастрычніцкай плошчы. У ноч з 24-га на 25-га сакавіка Віталя Броўку прывезьлі зь Менску ў Віцебск, і ён таксама правёў двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня, пакуль яго не адпусьцілі пасьля сёньняшняга суду.

Падобным чынам вырашылася справа і яшчэ аднаго вядомага апазыцыянэра, Валерыя Шчукіна, якога затрымалі перад самым ад''ездам на Менск увечары 24-га сакавіка. Яму таксама давялося правесьці двое сутак у ізалятары, пакуль сёньня Чыгуначны раённы не пачаў разгляд ягонае справы. Спадара Шчукіна вінавацяць у дробным хуліганстве, нібыта зьдзейсьненым на віцебскім вакзале, але апазыцыянэр запатрабаваў адваката, і суд мусілі перанесьці на 31-га сакавіка.

Адразу з Чыгуначнага райсуду Валеры Шчукін скіраваўся ў суд Першамайскага раёну. Сёньня там завяршыўся разгляд скаргі старшыні выбарчай камісіі №52 спадарыні Шубінай на назіральніка Шчукіна, які нібыта яе абразіў у сваёй пісьмовай заяве. Суд прызнаў Валерыя Шчукіна вінаватым і наклаў на яго штраф памерам 31 тысячу рублёў.
XS
SM
MD
LG