Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Казуліна ў Жодзіна выехаў адвакат. Зь ім едуць сваякі й журналісты


Радыё Свабода, Менск У пракуратуры Беларусі ўзяліся вызначыць ролю Аляксандра Казуліна ў падзеях 25 сакавіка. Тым часам з былым кандыдатам на прэзыдэнта дазволена сустрэцца ягонаму адвакату.

Цягам 27 сакавіка прыходзілі супярэчлівыя зьвесткі адносна таго, дзе ўсё ж улады трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Учора было паведамленьне, што ён знаходзіцца ў жодзінскім ізалятары. Сёньня раніцай жонка Казуліна, Ірына, зьявілася ў гарадзкую пракуратуру са скаргай, што да ейнага мужа не дапускаюць адваката. З жанчынай размаўляў супрацоўнік Сяргей Ісачэнка.

(Казуліна: ) “Ён прыняў заяву і сказаў наступнае: “Казулін знаходзіцца ў Жодзіна ня можа, бо ягоныя справы вядзе ўправа міліцыі Менгарвыканкаму. Таму ён мусіць знаходзіцца на Валадарскага. Такім чынам, сёньня раніцай аказалася, што я зноў ня ведаю, дзе мой муж”.

Да трох гадзін дня ў Міністэрстве ўнутраных спраў зьвестак пра магчымае знаходжаньне Аляксандра Казуліна не аспрэчвалі. Але й нічога дакладнага таксама не казалі. Такую ж пазыцыю заняла й рэспубліканская пракуратура. Прэсавая служба пракуратуры дадала напружанасьці, папярэдзіўшы журналістаў, што рыхтуецца адмысловая заява аб справе Казуліна, якая будзе абвешчана да канца працоўнага дня. Паводле прэсавай службы пракуратуры, будзе вызначана роля Аляксандра Казуліна ў падзеях 25 сакавіка, адносна якіх ужо заведзена крымінальная справа.

Тым часам, у 15 гадзін да сьледчага гарадзкой міліцыі Аляксандра Кунцэвіча пайшоў адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч. Праз паўгадзіны адвакат паведаміў журналістам, што мае падпісаны сьледчымі дазвол на сустрэчу з Аляксандрам Казуліным. Сустрэча мусіць адбыцца ўсё ж у жодзінскім ізалятары, дзе, аказваецца, утрымліваюць былога кандыдата на прэзыдэнта.

Са слоў Ігара Рынкевіча, ягоны падабаронны падазраецца ў хуліганстве падчас падзеяў 2 сакавіка. Нагадаем: тады Аляксандар Казулін паспрабаваў атрымаць рэгістрацыю для ўдзелу ва Ўсебеларускім сходзе, але быў затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў і моцна зьбіты. У міліцэйскім пастарунку Аляксандар Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. На яго было заведзена ажно дзьве крымінальныя справы паводле абвінавачваньня за хуліганства.

Пасьля чатырох гадзін дня адвакат Ігар Рынкевіч, сваякі й журналісты выехалі ў Жодзіна. Адвакат спадзяецца, што да канца працоўнага дня яму дадуць магчымасьць сустрэцца з падабаронным. Жонка Аляксандра Казуліна найбольш непакоіцца за стан ягонага здароўя. Напярэдадні яна зрабіла вусную заяву супрацоўнікам жодзінскага ізалятару:

(Казуліна: ) “Я заявіла, каб да яго абавязкова прыслалі лекара, бо чалавек быў зьбіты, і яго трэба агледзець”.
XS
SM
MD
LG