Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія мэдыі – пра сытуацыю ў Беларусі


Радыё Свабода, Прага Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, аглядальнікі нямецкага тэлеканалу NTV называюць “сытуацыяй, блізкай да хаосу”.

“Пасьля гвалтоўнага разгону акцыі пратэсту ў Менску беларуская юстыцыя прыступае да пакараньня. На сёньня ва ўсіх судах беларускай сталіцы прызначаныя судовыя працэсы супраць праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Аднак ніхто дакладна ня ведае, у якім канкрэтна судзе будуць абвінавачваць канкрэтнага ўдзельніка акцыі пратэсту. Менскія пастарункі перапоўненыя, многіх арыштаваных прыйшлося, так бы мовіць, “уладкоўваць” па-за межамі беларускай сталіцы”, перадае нямецкія тэлеканал NTV.

Тым часам нямецкая штотыднёвая "Die Tageszeitung" піша пра безадказнасьць дзеяньняў былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна: "Рэвалюцыя ў Беларусі скончылася, не пасьпеўшы пачацца. Акцыя пратэсту, арганізаваная параўнальна невялікай колькасьцю дэманстрантаў, якія праявілі вялікую мужнасьць і грамадзянскую адказнасьць, ад пачатку мела мала шанцаў на посьпех. Аднак за надта хуткі час "сканчэньня пратэсту" мусіць несьці адказнасьць і апазыцыя. Заклік Аляксандра Казуліна штурмаваць сьледчы ізалятар і вызваліць дэманстрантаў разьвязаў рукі аўтарытарнаму рэжыму. Казулін дзейнічаў безадказна: ён цудоўна ведаў, што без ахвяраў не абысьціся, бо ўлады адкажуць гвалтам на гвалт. Прынамсі, маральна ён сябе дыскрэтытаваў. Яшчэ больш цяжкімі выглядаюць наступствы для апазыцыі ў цэлым. У выніку спрэчкі пра правядзеньне акцыі яна апынулася расколатай. Карумпаваная ўлада ў Менску можа сьвяткаваць трыюмф – наступныя пяць гадоў яна бесперашкодна будзе трымаць краіну мёртвай хваткай".

З падобнай ацэнкай нязгодная нямецкая "Die Zeit": "Беларуская апазыцыя пакуль апынулася ня ў стане ажыцьцявіць "аксамітную рэвалюцыю", кшталту той, што была ў Кіеве. Аднак тыя студэнты, якія мерзьлі ўначы на Кастрычніцкай плошчы, нягледзячы на сьнегапады і пэрспэктыву выключэньня з унівэрсытэтаў, надалі апазыцыі пэўныя маральныя якасьці. Яшчэ адна характэрная рыса апазыцыі зьвязаная зь імем Аляксандра Мілінкевіча. Кандыдат ў прэзыдэнты напачатку рабіў уражаньне нерашучага палітыка, якому няма чаго супрацьставіць рэжыму. Аднак ягоная міралюбівая рыторыка і ў той жа час настойлівасьць выклікалі павагу да яго. Заслугай Мілінкевіча ёсьць абуджэньне мужнасьці ў шэрагах апазыцыі, якая дагэтуль была надзвычай некансалідаванай і прыніжанай".

Як піша "Die Welt", “тое, што цяпер падаецца перамогай Лукашэнкі, нагадвае Піраву перамогу –яшчэ некалькі такіх перамог, і рэжыму гнёту, сачэньня і абдурваньня насельніцтва прыйдзе канец. Аптымісты нават меркавалі, што гэта адбудзецца па сканчэньні трэцяга тэрміну лукашэнкавай улады. Аднак на падобныя спэкуляцыі лідэр апазыцыйнай кааліцыі Аляксандар Мілінкевіч не паддаецца. Шлях выйсьця з-пад лукашэнкавага панаваньня можа быць доўгім", піша "Die Welt".

“Толькі крамлёўскі кіраўнік Пуцін можа нейкім чынам зьмяніць сытуацыю”, –такога меркаваньня прытрымліваецца большасьць нямецкіх аглядальнікаў. "Netzeitung" цытуе сёньня эўрапейскага палітыка ад фракцыі зялёных Ангеліку Бір. Паводле яе словаў, менавіта Пуцін мае ключ да беларускай сытуацыі, і менавіта Расея –адзіная зь вялікай васьмёркі назвала выбарчы фарс у Беларусі дэмакратычнымі выбарамі. Як лічыць Ангеліка Бір, бундэсканцлер Мэркель абавязаная заклікаць расейскага кіраўніка, каб суботні гвалтоўны ціск на мірную беларускую апазыцыю ня меў працягу”.

Паводле аглядальнікаў, калі б Масква адмовіла Беларусі ў датацыях на энэргетыку, беларускі эканамічны цуд рухнуў бы імгненна, а разам зь ім – і вера ў нечалавечую магутнасьць менскага шамана. Уплыў Масквы ёсьць адзіным інструмэнтам, здольным стварыць для Лукашэнкі пэўныя рамкі – у тым ліку адпаведныя пуцінскім інтарэсам. Бо беларускі рэжым можа стаць узорам для тых сілаў у Маскве, якія мараць пра жорсткі варыянт марыянэткавай дэмакратыі ў Расеі, піша "Die Welt".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG