Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое значэньне меў намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы?


Юры Дракахруст, Прага Якое палітычнае значэньне меў пяцідзённы беларускі Майдан? Чаму ўлады не ліквідавалі мітынг на Кастрычніцкай плошчы раней, чаму чакалі 5 дзён? Хто стаяў на плошчы – ці толькі прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў? Якую ролю ў гэтым крызысе адыгралі мэдыі – дзяржаўныя, недзяржаўныя і замежныя? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” аналітыкі нашага радыё Валер Карбалевіч і Ян Максімюк, а таксама намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

(Дракахруст: ) "Якое палітычнае значэньне меў пяцідзённы беларускі Майдан? Ва Ўкраіне Майдан перамог, скажам, у Туркмэністане яго не было ніколі. Якія палітычныя наступствы, якіх не было б, калі б не было гэтага пяцідзённага пратэсту, могуць мець месца?"

(Максімюк: ) "Я думаю, гэты пяцідзённы пратэст засьведчыў тое, што беларуская апазыцыя вяртаецца ў палітычны працэс. Ніякага іншага вяртаньня адбыцца не магло, бо беларуская апазыцыя ня мае легальных каналаў для выказваньня сваёй пазыцыі – праз парлямэнт, праз мясцовыя самакіраваньні. Адзінае, што ёй застаецца – гэта вяртаньне ў вулічную дэмакратыю. Яно адбылося і ў нейкім сэнсе пераламала тую немагчымасьць апазыцыі вывесьці людзей на вуліцу і крышку зьняло страх перад вулічнай дэмакратыяй у Беларусі".

(Дракахруст: ) "Сп. Міхалевіч, а як бы Вы ацанілі менавіта палітычныя наступствы пратэсту на Кастрычніцкай плошчы? Плошча вылучыла патрабаваньне – ня сыдзем, пакуль ня будуць абвешчаныя паўторныя выбары. Плошча разагнаная, паўторных выбараў пакуль не праглядаецца. Ці можна сказаць, што гэты пратэст меў менавіта палітычнае значэньне, а ня толькі маральнае і сымбалічнае?"

(Міхалевіч: ) "Калі мы параўноўваем з Украінай, трэба памятаць, што да пераможнай "аранжавай" рэвалюцыі там была кампанія, якая стала легендай, хаця і ня скончылася перамогай. Гэта была кампанія "Ўкраіна бяз Кучмы", якую арганізоўваў рух "За праўду". Хачу сказаць, што ў нашых умовах тое ж адбылося на Кастрычніцкай плошчы. Ужо зараз можна з упэўненасьцю сказаць, што гэта стала легендай. Перакананы, што ў нашых наступных пратэстах кропкай адліку стане Плошча, у наступных пратэстах мінімальная колькасьць, якую мы будзем зьбіраць, будзе роўнай максымальнай колькасьці, якую мы сабралі зараз – 19 сакавіка".

(Дракахруст: ) "Сп. Міхалевіч, ужо на другі дзень пратэстаў Аляксандар Казулін прапанаваў сысьці з плошчы, бо людзей прыходзіць усё меней і меней, а галоўную увагу засяродзіць на падрыхтоўцы акцыі 25 сакавіка. Ці была пэўная рацыя ў такой прапанове?"

(Міхалевіч: ) "Я лічу, што сп. Казулін альбо абсалютна не ўсьведамляе, што такое арганізацыя масавых акцыяў, альбо зьяўляецца проста правакатарам. Для таго, каб арганізаваць добрую акцыю 25 сакавіка, патрэбна было ўтрыманьне плошчы, трэба было паказваць, што мы там знаходзімся. Тое, што Лукашэнка ня вытрымаў і разагнаў гэтую акцыю, тое, што было прынятае рашэньне ўначы разагнаць Плошчу, якраз паказвае, што нашыя падыходы былі абсалютна правільныя. Трэба было ўтрымліваць Плошчу, каб там увесь час штосьці адбывалася, каб там увесь час знаходзіліся людзі з адначасовай вельмі моцнай інфармацыйнай падрыхтоўкай акцыі 25 сакавіка".

(Дракахруст: ) "Сп. Карбалевіч, а як Вы ацэньваеце прапанову Казуліна? І яшчэ адно пытаньне – ці можна сказаць, што ўдзельнікі мітынгу вялі лідэраў, а не лідэры – удзельнікаў мітынгу, што лідэры хацелі пазьбегнуць паўтарэньня сцэнару 2001 году, калі адзіны кандыдат сышоў з плошчы і пакінуў дэманстрантаў?"

(Карбалевіч: ) "Я думаю, што гэтая акцыя моладзі насіла дастаткова аўтаномны характар, і кіраўніцтва як каманды Казуліна, гэтак і каманды Мілінкевіча вельмі адносна ўплывала на сытуацыю. І той факт, што сам Майдан зьявіўся фактычна толькі на другі дзень акцыі, сьведчыць пра тое, што дакладнага пляну не было, у прыватнасьці, у штабе Мілінкевіча, які заклікаў людзей выйсьці на вуліцу. А што тычыцца таго, ці трэба было сыходзіць з плошчы і не ахвяраваць людзьмі, я думаю, што ў практычным палітычным сэнсе гэта асаблівага значэньня ня мела. Палітычны працэс будзе ісьці паводле сваёй лёгікі.

Што тычыцца палітычнага значэньня гэтага Майдану, я згодны з тэзай спадара Міхалевіча, што гэта легенда, гэты сымбаль будзе ўпісаны важнай старонкай гераізму і самаахвярнасьці апазыцыйнай моладзі і стане натхняльным прыкладам для моладзі ў будучыні. А што да практычных наступстваў, то і вынікі выбараў, і кампанія пасьлявыбарчых пратэстаў адным з галоўных наступстваў будуць мець паглыбленьне расколу грамадзтва, зацятасьці, антаганістычнасьці барацьбы двух частак беларускага грамадзтва".

(Дракахруст: ) "Спадар Карбалевіч, Алесь Міхалевіч сказаў, што на 5 дзень Лукашэнка ня вытрымаў, і плошча была разагнаная. А чаму ён вытрымліваў 5 дзён, чаму мітынг ня быў ліквідаваны на другі, на трэці дзень, чаму ня быў ліквідаваны ў першы ж дзень?"

(Карбалевіч: ) "Гэта сапраўды дзіўна, бо вядома, што калі нават некалькі чалавек стаяць на гэтай плошчы з партрэтамі зьніклых, іх адразу ж выганяюць адтуль і затрымліваюць, а тут некалькі дзён у цэнтры гораду існаваў такі сапраўды "Майдан незалежнасьці", і ніхто яго па вялікім рахунку не разганяў, калі не лічыць тыя затрыманьні, якія рабіліся вакол плошчы.

Я думаю, было тры прычыны гэтага. Першае – беларускі Майдан узьнік на другі дзень пратэстаў, і на акцыю ў гэты дзень прыйшло менш, чым напярэдадні, і стала зразумела, што пратэстная хваля ідзе не на пад''ем, а на спад. Гэта трохі супакоіла ўлады, яны ўбачылі, што гэта ня так страшна, як палохаў і насельніцтва, і кіраўніцтва краіны КДБ.

Другая прычына – вялікая колькасьць замежных журналістаў, якія прыехалі паглядзець на рэвалюцыю, вялікая цікавасьць да Беларусі з боку ўсясьветнай супольнасьці. Дэманстраваць перад іх вачыма жорсткасьць, брутальнасьць было немэтазгодна. А зь іншага боку была спакуса паказаць усяму сьвету – паглядзіце, якая няўдалая рэвалюцыя.

І нарэшце, трэцяя прычына – намер выкарыстаць гэты Майдан дзеля дыскрэдытацыі апазыцыі з дапамогай дзяржаўных мэдыяў".

(Дракахруст: ) "Сп. Міхалевіч, сп. Карбалевіч выказаў тэзу, што дакладнага пляну ў каманды Мілінкевіча не было, што яе і яго ў пэўнай ступені вялі актывісты, моладзевыя ў першую чаргу, якія былі на плошчы. Гэта сапраўды так?"

(Міхалевіч: ) "Для штабу было найперш нечакана, што дазволяць сабрацца на плошчы. І большасьць сцэнароў, распрацаваных штабам Мілінкевіча, былі якраз разьлічаныя на тое, што гэтага не дазволяць. У гэтай сытуацыі вельмі дарэчы аказаліся моладзевыя актывісты, перш за ўсё актывісты кампаніі "Хопіць!", якія былі падрыхтаваныя да ўстаноўкі намётаў на плошчы.

Я магу цалкам пагадзіцца, што ўзьнікла новая рэальнасьць, якая была запатрабаваная зьнізу, калі сапраўды тысячы перш за ўсё моладзевых актывістаў хацелі і патрабавалі, каб заставацца на гэтай плошчы. У гэтай сытуацыі Аляксандар Мілінкевіч абсалютна правільна, як чалавек, які вельмі добра ўлоўлівае памкненьні шараговых актывістаў, заклікаў людзей заставацца".

(Дракахруст: ) "Сп. Максімюк, у мяне да Вас таксама пытаньне – чаму ўлады трывалі 5 дзён, пры тым што звычайна сапраўды нават пікет разганяюць і хапаюць праз 10 хвілінаў? З другога боку, мы памятаем, як надзьмуваўся страх перад выбарамі, калі генэрал Сухарэнка, дэманструючы дохлых пацукоў, пагражаў, што ўсе, хто выйдзе на вуліцу, будуць разглядацца, як тэрарысты, калі сам Лукашэнка абяцаў апазыцыі "адкруціць галаву, як качанятам". Чаму ж 5 дзён "не адварочвалі"?"

(Максімюк : ) "Пагаджаюся з прычынамі, якія пералічыў Валер, але хацеў бы зрабіць акцэнт на адной зь іх. Думаю, прэзыдэнт Лукашэнка быў упэўнены, што пратэст у апазыцыі не атрымаецца і рассмокчацца сам па сабе. Улада проста чакала татальнай самадыскрэдытацыі апазыцыі, калі б прыйшло вельмі мала людзей, можна было б паказаць тое, што Лукашэнка абвяшчаў перад выбарамі – што пасьля выбараў апазыцыя перастане існаваць. Чым бліжэй да суботы, калі апазыцыя заклікала беларусаў прыйсьці адсьвяткаваць гадавіну стварэньня БНР, было відаць, што татальна дыскрэдытаваць не атрымаецца, тады ўлада зьмяніла гэтую тактыку і зьняла гэта Майдан".

(Дракахруст: ) "Сп. Міхалевіч, усе ўдзельнікі нашай перадачы казалі пра тое, што пяцідзённы пратэст на Кастрычніцкай плошчы быў пераважна моладзевай акцыяй. Але варта прыгадаць, што на выбары ішла вялікая кааліцыя "дарослых" арганізацыяў – БНФ, АГП, ПКБ. Казуліна падтрымлівала БСДП "Грамада". Выглядае, што на плошчы ўсе гэтыя партыі былі ня надта заўважальныя, а гэтую вулічную ініцыятыву ўзяла на сябе моладзь і толькі моладзь".

(Міхалевіч: ) "Нельга чакаць ад палітычных партыяў, каб яны выконвалі функцыі, якія ім неўласьцівыя. З аб''ектыўных прычынаў, калі трэба пратрымацца тры ці чатыры ночы пры вялікім марозе, калі трэба проста там знаходзіцца, абсалютна натуральна, што гэта вытрымлівала толькі моладзь. Вельмі добра і прыемна, што праз гэтую акцыю заангажавалася вельмі вялікая колькасьць моладзі. Я перакананы, што шмат зь іх застануцца ў дэмакратычным руху. Ну і дзякуючы Лукашэнку, які большасьць зь іх пасадзіў на розныя тэрміны "сутак", зрабіў іх перапіс, мы фактычна маем сьпіс гэтай будучай беларускай эліты. Я думаю, што значная колькасьць гэтых людзей, студэнтаў, будзе выключаная з унівэрсытэтаў і працягнуць сваё навучаньне за межамі. Мы будзем назіраць стварэньне беларускай эліты, якая была здольная прастаяць на плошчы, здольная ахвяраваць сабой і сваім здароўем, і ў якой зараз зьяўляюцца вельмі сур''ёзныя шанцы ўвайсьці ў грамадзка-палітычны рух".

(Дракахруст: ) "Сп. Карбалевіч, ці не адбылося падчас гэтых пратэстаў рэдукаваньне, звужэньне шырокай кааліцыі, якая падтрымлівала, скажам Мілінкевіча, да толькі моладзевых арганізацый і пры гэтым – да прадстаўнікоў пэўнай ідэалёгіі, якую не зусім падзяляюць, скажам, АГП і ПКБ?"

(Карбалевіч: ) "Гэта складанае пытаньне. Сярод людзей, якія прыйшлі на плошчу, я сустракаў прадстаўнікоў розных палітычных плыняў, якіх адназначна нельга прылічыць да прыхільнікаў БНФ. Тое, што дамінавалі і сымболіка, і лёзунгі БНФ – гэта факт, але я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што ў гэтых акцыях сапраўды дамінавала моладзь. Рэвалюцыя – гэта ва ўсім сьвеце найперш справа моладзі.

Вельмі шмат казалі пра пасіўнасьць, апатыю моладзі, пра тое, што за гады кіраваньня Лукашэнкі зьявілася новае пакаленьне маладых лукашыстаў, БРСМаўцаў. Нельга сказаць, што гэтае змаганьне моладзі на вуліцах пераварочвае ўсе гэтыя меркаваньні, але мы маем факт – зьявілася маладое пакаленьне, якое гатовае змагацца, прычым змагацца вельмі радыкальным чынам і ахвяраваць сабой".

(Дракахруст: ) "Валер, падчас гэтага пяцідзённага крызысу якую ролі адыгралі мэдыі – беларускія дзяржаўныя, недзяржаўныя, заходнія і расейскія? Тое, што я тут глядзеў па БТ – была даволі мэтанакіраваная апрацоўка грамадзкай думкі, што на плошчы бруд, гной, распуста, адпрацоўка амэрыканскіх грошай. Наколькі гэта паўплывала на масавую сьвядомасьць, падрыхтавала яе да ліквідацыі намётавага гарадка? І якую ролю адыгралі расейскія мэдыі? Я і сам сёе-тое глядзеў і чуў ацэнкі, што ніколі раней падчас любых электаральных кампаніяў у Беларусі расейскія мэдыі не працавалі гэтак аддана і адназначна на карысьць беларускіх уладаў."

(Карбалевіч: ) "Што тычыцца эўрапейскіх мэдыяў, таго ж "Эўраньюс", то прымаюць яго людзі, якія як правіла прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. А што тычыцца ўплыву дзяржаўных мэдыяў, то сапраўды ўлады спрабавалі выкарыстаць страх абываталяў перад незразумелымі формамі пратэсту, бо тая форма сапраўды незразумелая беларускаму грамадзтву. І ўчорашняя "Панарама" БТ прайшла пад лёзунгам "Народ патрабуе ліквідацыі Майдану".

Але адной з асаблівасьцяў сёньняшняй грамадзка-палітычнай сытуацыі ёсьць тое, што значная большасьць насельніцтва мае ясную і дакладную пазыцыю адносна палітыкі Лукашэнкі і да палітыкі апазыцыі. Сацыялягічныя апытаньні напярэдадні выбараў паказалі, што тых, хто ня вызначыўся, вельмі мала. І таму тыя, хто давярае Лукашэнку, верылі дзяржаўным мэдыям, тыя, хто падтрымлівалі апазыцыю – наадварот".

(Дракахруст: ) "Сп. Міхалевіч, на Ваш погляд якую ролю ў гэтым беларускім крызысе адыгралі пазыцыі Захаду і Расеі? І больш канкрэтна – мы ўжо разважалі над пытаньнем, чаму ўлада не ўжыла сілу з самага пачатку, і нават ліквідацыя намётавага гарадка адбывалася, скажам так, з меншым узроўнем гвалту, чым ён мог бы быць. Ці паўплывала на гэта пазыцыя Захаду і пазыцыя Расеі?"

(Міхалевіч: ) "Зразумела, на тое, што ў Беларусі было колькі дзён гульні ў дэмакратыю, вельмі моцна паўплывала перш за ўсё пазыцыя Захаду і, перакананы, – ціск Захаду на Расею. І тое, што дазволілі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, тое, што дазволілі паставіць гэтыя намёты і далі ім прастаяць дастаткова доўга як на беларускія варункі – гэта паказвае, што Лукашэнка разумеў: у тыя дні, калі ў Беларусі максымальная канцэнтрацыя замежных СМІ, замежных відэакамэраў, замежных назіральнікаў, лепш паводзіць сябе культурна і цывілізавана. І абвясьціўшы фальсыфікацыю выбараў у два разы, проста дачакацца, пакуль скончацца візы замежных карэспандэнтаў. І дачакаўшыся гэтага, а таксама дачакаўшыся ад''езду групы доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ, паказаць грамадзтву і апазыцыі, што гульня ў дэмакратыю скончылася, і з гэтага моманту любыя праявы пратэсты будуць сустракаць вельмі жорсткую рэакцыю".
XS
SM
MD
LG