Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты БРСМ пікетуюць амбасады заходніх краінаў у Менску


Радыё Свабода, Менск Сёньня маладыя прыхільнікі ўлады пікетавалі амбасады Францыі і Літвы. Учора падобныя акцыі прайшлі каля амбасадаў Злучаных Штатаў Амэрыкі і Польшчы. Актывісты БРСМ гавораць, што асуджаюць тыя краіны, якія не прызналі афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Каля пяцідзесяці актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі сабраліся сёньня днём каля амбасады Францыі ў Менску. Удзельнікі акцыі пад чырвона-зялёнымі сьцягамі крычалі францускім дыпляматам:

(Актывіст БРСМ: ) “Не вучыце беларусаў жыць па перакосам, навядзі парадак у сябе пад носам! Беларускі прыгавор — падстракацялям пазор! Мая радзіма Беларусь, я табою ганарусь!”

Арганізатар акцыі, які прадставіўся як “проста мінак”, увесь час патрабаваў ад журналістаў паказаць акрэдытацыйныя пасьведчаньні. Удзельнікі пікету так тлумачылі сваю прысутнасьць каля францускай амбасады:

(Дзяўчына: ) “Мы хочам, каб іншыя краіны не мяшаліся ва ўнутраную палітыку Рэспублікі Беларусь. Мы за Лукашэнку, мы за нашага прэзыдэнта”.

(Дзяўчына: ) “Францыя — адна з краінаў, якая ўмешваецца ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. А менавіта ў палітыку”.

Мітынгоўцы не хацелі гаварыць, якія ўнівэрсытэты ці іншыя навучальныя ўстановы яны прадстаўляюць, і ці маюць яны афіцыйны дазвол на пікетаваньне. Некаторыя беларускія сайты паведамляюць, што гэтыя пікеты незаконныя, і на іх адпраўляюць студэнтаў па разнарадцы. За дзеяньнямі актывістаў БРСМ назіраў міліцэйскі патруль. Але яго камандзір, міліцэйскі капітан, таксама не захацеў патлумачыць, ці маюць гэтыя маладыя людзі дазвол на пікет:

(Афіцэр: ) “Мы не даем інтэрвію і ў палітыку ня лезем”.

Нагадаю, што за несанкцыянаваныя вулічныя акцыі актывістаў апазыцыі караюць арыштамі тэрмінам да 15 сутак.

Падобная акцыя, зладжаная камуністамі і БРСМ, сёньня раніцай прайшла і каля амбасады Літвы ў Менску. Як паведаміла Радыё Свабода супрацоўніца амбасады Крысьціна Паканітэ, да пікетоўцаў выйшаў амбасадар Пятрас Вайцякунас ды іншыя літоўскія дыпляматы. Літоўцы трымалі свой транспарант з надпісам “Беларусь і Літва — сёстры навек у адзінай Эўропе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG