Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзесяць сутак бяз права на інфармацыю


Радыё Свабода Сёньня на волю са шчучынскага спэцпрымальніка выйшаў Васіль Бязьмен, актывіст ініцыятыўнай групы Мілінкевіча. Яго асудзілі на 10 сутак па абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы. Усе 10 дзён Васіль ня ведаў, што адбываецца ў краіне.

Васіль Бязьмен працуе лекарам у шчучынскім шпіталі, і першае, што ён сказаў, калі выйшаў на волю, што ніколі нецэнзурна ня лаецца. Ён сядзеў у камэры, дзе знаходзіліся ад 3 да 6 чалавек. Кармілі двойчы на дзень. Ежа задавальняла, але ў камэры было халодна. Хаця супрацоўнікі міліцыі, паводле Васіля Бязьмена, ставіліся да яго нармалёва. Кажа Васіль Бязьмен:

(Бязьмен: ) “Кормяць два разы на дзень, ежа прыстойная. Іншая справа, што ўмовы ўтрыманьня антысанітарныя. Яшчэ даволі халодна і жорстка”.

Але самым складаным для Васіля Бязьмена за гэтыя 10 сутак было ня ведаць пра тое, што адбываецца ў краіне. Да яго падсаджвалі новых арыштантаў, але ніхто зь іх ня мог расказаць пра навіны зь Менску. Кажа Васіль Бязьмен:

(Бязьмен: ) “Інфармацыі не было ніякай. Тыя людзі, якія прыходзілі да мяне ў камэру, ім было абсалютна да лямпачкі, што адбываецца ў краіне. Яны не цікавяцца палітыкай, у іх зусім іншыя інтарэсы ў жыцьці”.

У Васіля Бязьмена двойчы рабілі ператрус: на працы і ў кватэры. Яго прывезьлі на размову ў міліцыю, і там жа склалі пратакол. Сьледчы заявіў, што спадар Бязьмен выйшаў з машыны і пачаў лаяцца.

* * * У Шчучынскім спэцпрымальніку застаецца за кратамі Сяргей Ляшкевіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Яму не прад’явілі абвінавачаньняў, але падазраюць па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках.
XS
SM
MD
LG