Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць у рэгіёнах пра менскія падзеі?


Радыё Свабода Што чулі пра нядзельныя падзеі ў сталіцы жыхары глыбінкі? Як рэагуюць там на ліквідацыю намётавага лягеру й дэманстрацыі?

Індывідуальны прадпрымальнік з Гомелю Алена Губанава кажа, што яе знаёмыя ведаюць пра Менскія падзеі толькі тое, што чулі па беларускім тэлебачаньні:

(Губанава: ) “Ну, што вы думаеце аб гэтым усім? А вось, маўляў, дурні нейкія павыходзілі. Чаго? Толькі замінаюць хадзіць. Замінаюць мірным жыхарам, і мірныя жыхары незадаволеныя...”

Валер Пятроўскі зь Дзятлава, так апісвае дасьведчанасьць жыхароў свайго райцэнтру:

(Пятроўскі: ) “Пра разгон дэманстрацыі, думаю, мала хто ведае. А вось пра намётавы лягер мы глядзелі па БТ-1, БТ-2 і СТВ. Навіны не адрозьніваліся, і людзі, гледзячы адзін, другі, трэці каналы, дзе паказвалі адное і тое ж, спраўджваліся, што паказваюць тое, што ёсьць насамрэч. Што там дзеці непаўналетнія, наркаманы, што сьмецьця вывезьлі дзьве машыны. І, зразумела, людзі да гэтага ставіліся ну вельмі нэгатыўна. Тым больш, што ў нас раён сельскагаспадарчы, калгасны… Дык людзі казалі: “Хай ідуць у калгас, з лапатамі, зь віламі, там усім працы хопіць”. І дадавалася на роднай добрай беларускай мове з расейскімі укліненьнямі, з мацюкамі. Гэта пра намётавы лягер такое ўражаньне. Але яно хоць ёсьць! А вось пра разгон дэманстрацыі, пра ўсё астатняе мала хто будзе ведаць…”

Алесь Герасіменка з Наваполацку кажа, што ў “нафтавым рэгіёне” зь інфармацыяй было лепей:

(Герасіменка: ) “Канешне, чулі. І ўвесь Наваполацк сачыў за гэтым вельмі пільна. У горадзе дастаткова добрая сетка кабельнага вяшчаньня. І мае бацькі, і бацькі маіх знаёмых адсочвалі інфармацыю па навінах “Эўраньюс”, па расейскіх каналах, радыё.

Разумееце, казалі, што гэта быў комплекс пачуцьцяў. Гэта быў сорам. Сорам за сваю краіну. За гэты час, у якім даводзіцца жыць. Сорам за сябе. За тое, што мы ня можам гэтага пазьбегчы ці гэта зьмяніць.

Нейкія мае знаёмыя менавіта ў гэтыя дні патрапілі ў сталіцу, спэцыяльна, каб прыняць удзел у майдане. І лёс іх зараз мне невядомы. Наколькі я ведаю, каля чатырох чалавек былі арыштаваныя…”

Спадар Юрась, міліцыянт з Брэста, якому называцца для радыё небясьпечна, пра падзеі ў Менску ведаў добра. І так распавядае пра самаадчуваньне берасьцейцаў:

(Міліцыянт: ) “Тое, што па тэлевізару людзі бачылі, тое і кажуць, больш нічога. І ўсе жывуць далей, мірна і шчасьліва. І ніякіх апазыцыянэраў, нікога тут няма. Брэст! Ды тут усё так ціха-ціха! Тут міліцыянтаў 300 чалавек у нас на плошчы, кажуць, стаяла, чакалі. А каго чакаць? У нас няма такіх, буйных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG