Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грамада” дамагаецца вызваленьня свайго лідэра


Радыё Свабода Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” патрабуе вызваленьня з турмы свайго лідэра Аляксандра Казуліна, супраць якога распачатая крымінальная справа па артыкуле “хуліганства”, а таксама ўсіх вязьняў, затрыманых падчас апошніх акцыяў апазыцыі. У гэтых намаганьнях “Грамаду” падтрымлівае апазыцыйная кааліцыя на чале з Аляксандрам Мілінкевічам.

Увесь актыў БСДП “Грамада” апошнімі днямі працуе над высьвятленьнем лёсу Аляксандра Казуліна і іншых арыштаваных, мабілізуе беларускую і міжнародную грамадзкасьць дзеля іх неадкладнага вызваленьня, паведаміў намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Дзьве ў нас галоўныя мэты: першая — усімі спосабамі, якія толькі магчымыя, вызваліць нашага кіраўніка, дамагчыся таго, каб ён быў на свабодзе і мог займацца палітычнай дзейнасьцю. А па-другое, трэба ўсяму сьвету і асабліва бліжэйшым суседзям, Расейскай Фэдэрацыі, давесьці інфармацыю пра падзеі ў Беларусі без скажэньняў”.

Першы намесьнік старшыні партыі Анатоль Ляўковіч, ацэньваючы мінулую кампанію, зрабіў выснову, што выбарчая кампанія зьвялася да гвалту над законам і над апазыцыйнымі актывістамі, якія легальна працавалі падчас выбараў:

(Ляўковіч: ) “Я лічу, што мы, канечне, у цэлым прайгралі першы этап, але мы не прайгралі ў цэлым кампанію, я ацэньваю гэта як пачатак канца гэтага рэжыму”.

Анатоль Ляўковіч зазначыў, што ягоная партыя будзе надалей весьці супольную працу з апазыцыйнай кааліцыяй, нягледзячы на пэўныя супярэчнасьці. Нядаўні нэгатыўны камэнтар прэсавай службы Казуліна адносна Мілінкевіча ён назваў заявай тэхнічнай службы выбарчага штабу, якая хутка спыніць працу. Тым часам Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра поўную салідарнасьць з “Грамадой” у намаганьнях вызваліць Казуліна і іншых палітвязьняў:

(Мілінкевіч: ) “Мы можам разыходзіцца па стратэгіі, але калі чалавек у няволі, тут супрацоўніцтва павінна быць стопрацэнтнае. Я што магу, тое і раблю, да вечара ў мяне будуць сустрэчы зь людзьмі, якія могуць аказаць дапамогу ў вызваленьні Казуліна і ўсіх палітвязьняў”.

Спадар Мілінкевіч не пагаджаецца з думкай Ляўковіча, што апазыцыя прайграла Лукашэнку першы этап кампаніі:

(Мілінкевіч: ) “Я абсалютна ня згодны з такой ацэнкай, улада прайграла цалкам, безнадзейна, яе перамога — Пірава, таму што яна на хлусьні гэта ўсё пабудавала, яна нават сваіх прыхільнікаў згубіла, і лічбы тут ні пры чым. А мы зрабілі першы крок да перамогі. Я не кажу, што мы перамаглі, але гэта вельмі важны крок”.

Спадар Мілінкевіч лічыць, што апазыцыйная кааліцыя прадоўжыць сваю дзейнасьць і будзе пашырацца Народны рух за свабоду, структура якога цяпер выпрацоўваецца.
XS
SM
MD
LG