Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Christian Science Monitor”: у Беларусі працягваюць заціскаць апанэнтаў улады


Радыё Свабода У нядзелю ва Ўкраіне адбыліся самыя свабодныя выбары ў яе гісторыі. А ў Беларусі працягваюць заціскаць апанэнтаў улады. Так піша ў артыкуле “Два твары дэмакратыі” карэспандэнт амэрыканскай газэты “Christian Science Monitor” Фрэд Уэйр.

У Беларусі пануе цішыня і парадак. Мінулымі выходнымі міліцыя, выкарыстаўшы сілу, зрабіла масавыя арышты дэманстрантаў, якія выступілі ў падтрымку дэмакратыі і якія сьцьвярджалі, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка сфальшаваў сваю перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах.

“Christian Science Monitor” піша, што Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз адказалі на выкарыстаньне жорсткіх захадаў, якія яны назвалі парушэньнем свабоды слова і сходаў, абвешчаньнем пра ўвядзеньне санкцыяў, улучна з забаронай на паездкі і фінансавымі абмежаваньнямі для спадара Лукашэнкі і высокіх чыноўнікаў зь ягонага атачэньня.

А ў суседняй Ўкраіне ў нядзелю панаваў расслаблены настрой. Украінцы, якія атрымалі перамогу ў барацьбе супраць махлярства на выбарах паўтара гады таму ў часе гэтак званай аранжавай рэвалюцыі, ішлі на ўчасткі для галасаваньня, каб выбраць парлямэнт у часе выбараў, якія ўжо названыя самымі свабоднымі за ўсю ўкраінскую гісторыю.

Беларускія актывісты, зь якімі журналіст амэрыканскай газэты “Christian Science Monitor” змог пагаварыць у нядзелю па тэлефоне, сказалі, што ніхто не чакаў, што міліцыя выкарыстае гвалт такога ўзроўню супраць прыкладна пяці тысяч дэманстрантаў, якія спрабавалі прайсьці ў суботу на галоўную плошчу Менску, каб прыцягнуць увагу да, як сьцьвярджаецца, фальшаваньня выбараў з боку Лукашэнкі. Нават многія з прыхільнікаў Лукашэнкі кажуць, што яны не разумеюць, навошта было так жорстка душыць мірную дэманстрацыю.

Далей “Christian Science Monitor” піша, што шмат украінцаў спачуваюць сваім беларускім суседзям. “Мы прайшлі праз падобныя выпрабаваньні, якія перажываюць беларусы цяпер. Розьніца толькі ў тым, што мы ў нашай барацьбе атрымалі перамогу”, кажа студэнтка Вольга Максіменка, якая брала ўдзел у прадэмакратычных выступах 2004 году. “Шкада, што народ Беларусі, мяркуючы па ўсім, губляе сваю апошнюю надзею”.
XS
SM
MD
LG