Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П''ер Лелюш: у будучым сяброўства Беларусі ў НАТА цалкам рэальнае


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня Парлямэнцкай асамблеі НАТА П’ер Лелюш у інтэрвію нашаму радыё заявіў, што бачыць у будучым Беларусь у НАТА. Паводле ягоных словаў, гэта, магчыма, павінны як мага хутчэй зразумець у Расеі.

П’ер Лелюш кажа, што беларускія ўлады адмовіліся выдаць візы сябрам дэлегацыі парлямэнцкай асамблеі НАТА, якія хацелі паехаць на прэзыдэнцкія выбары ў якасьці назіральнікаў, бо цяперашнія беларускія ўлады дагэтуль лічаць, што “НАТА – гэта сіла д’ябла”.

Аднак у будучым, паводле старшыні Асамблеі, сяброўства Беларусі ў НАТА цалкам рэальнае.

(Лелюш: ) “Ніхто 20 гадоў таму нават ня мог падумаць, што, прыкладам, прыбалтыйскія краіны, якія былі тады ў складзе Савецкага Саюзу, будуць цяпер у НАТА і Эўрапейскім Зьвязе. Нават у аб’яднаньне Нямеччыны цяжка было паверыць. Але гэта адбылося, таму і ў выпадку Беларусі гэта магчыма. Эўрапейскі кантынэнт 50 гадоў быў як бы замарожаны, цяпер гэтага ўжо няма. Усё мяняецца і лепш, каб расейцы гэта зразумелі”.

П’ер Лелюш лічыць, што структуры, якія аб’ядноўваюць заходнія дзяржавы, у тым ліку НАТА і Эўразьвяз, павінны больш рашуча зьвяртаць увагу Расеі на тое, што ім не падабаецца ў палітыцы Масквы, у тым ліку і на падтрымку беларускага рэжыму.

(Лелюш: ) "Я бачыў, як Расея паводзіць сябе ў Грузіі. Гэта абсалютна непрымальна. Я быў у Паўднёвай Асэтыіі, сустрэўся зь кіраўніком гэтай дзіўнай краіны, задача якога – раздаваць расейскія пашпарты і адкрываць крамы “duty free” на мяжы. А хто пашпарту ня хоча, таго ў пастарунак. Я разумею, чаму Міхаіл Саакашвілі гэтым не задаволены. Уявіце сабе, каб у Францыі, прыкладам, Эльзас ператварылі ў Паўднёвую Асэтыю – нам бы гэта не спадабалася. Тут трэба ясна, бяз крыўдаў, па-сяброўску сказаць Расеі – нам гэта не падабаецца. Масква павінна зразумець, што стабілізацыя на Каўказе ў інтарэсах Расеі. Можна зрабіць гэта разам, але расейскія ўлады робяць усё, каб выкінуць з рэгіёну АБСЭ".

Калі тры гады таму пачалася ўзброеная апэрацыя ў Іраку, палякі далучыліся да амэрыканцаў і за гэта іх моцна крытыкавалі некаторыя Эўрапейскія краіны. Ці ёсьць, паводле П’ера Лелюша, нейкая супярэчнасьць у моцным саюзе з ЗША і адначасова сяброўстве ў Эўразьвязе?

(Лелюш: ) "Вы размаўляеце з чалавекам, якога на радзіме ў Францыі лічаць ледзь не рупарам Джорджа Буша. Так, я выступаю за моцны саюз ЗША, але не таму, што сымпатызую Джорджу Бушу ці сябрую з Полам Волфавіцам, а таму, што гэта – мой нацыянальны інтарэс. Французы ніколі не ваявалі з амэрыканцамі, мы падтрымалі іхную рэвалюцыю, і мы сябры. Я лічу, што гэта ў нашых інтарэсах, мець моцны саюз з Амэрыкай”.

П’ер Лелюш пацьвердзіў інфармацыю аб тым, што вырашана запрасіць кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча на сэсію Парлямэнцкай асамблеі НАТА, што адбудзецца сёлета ў траўні ў Парыжы.

У склад парлямэнцкай асамблеі НАТА ўваходзяць каля 400 дэпутатаў з 26 краінаў-сяброў Паўночна-атлянтычнага альянсу і 15 краінаў, якія маюць статус назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG