Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна: “Правы чалавека ў нядзелю ў Беларусі ня дзейнічаюць”


Радыё Свабода, Менск Амэрыканская газэта “New York Times” піша пра масавую акцыю апазыцыі ў суботу ў цэнтры Менску. Карэспандэнт Джэй Чайверс пачынае артыкул з паведамленьня, што затрыманы Аляксандар Казулін, і што супраць яго рыхтуецца крымінальная справа. Ягоная жонка ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам газэты заявіла, што “правы чалавека ў нядзелю ў Беларусі ня дзейнічаюць” і што яна ня ведае, дзе ейны муж і ў якім стане.

“New York Times” са слоў апазыцыянэраў піша, што як найменей тры чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане зь пераломамі чэрапу ці пашкоджаньнямі пазваночніка пасьля зьбіцьця міліцыяй у часе разгону калёны ў нядзелю. “Адзін мужчына з пашкоджаньнямі галавы быў на мяжы жыцьця і сьмерці, але цяпер яму лепей, – сказаў карэспандэнту Аляксей Шэін, прадстаўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча.

“Дзякуй Богу, гэты чалавек пакуль жывы”, – сказаў Шэін пра параненага дэманстранта, які быў адным з трох чалавек, што нерухома ляжалі на вуліцы пасьля таго, як атрад спэцназу, які часта абвінавачваецца ў масавых парушэньнях правоў чалавека, напаў на дэманстрантаў.

Газэта піша, што ўлады Аўстрыі, якая старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, выступіла з заявай пра тое, што Эўразьвяз ашаломлены жорсткасьцю, выкарыстанай супраць дэманстрантаў, і заклікалі да вызваленьня Казуліна і іншых удзельнікаў акцыі пратэсту. На думку “New York Times”, такія заявы Захаду робяць невялікі бачны эфэкт на ўлады Беларусі – краіны, што захоўвае многія рысы савецкай паліцэйскай дзяржавы, якой, відавочна, захапляецца Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG