Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Independent”: “Брусэль і Вашынгтон не павінны прызнаваць ілжэвыбары”


Радыё Свабода, Менск Брытанская газэта рэдакцыйны артыкул прысьвяціла сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Газэта падкрэсьлівае, што Расея і Захад чарговым разам аказаліся па розныя бакі барыкадаў. Апошні раз гэта было ў 2004 годзе з-за Ўкраіны. Цяпер – з-за Беларусі, краіны, якую газэта называе "ізаляванай вотчынай" Аляксандра Лукашэнкі. І зноў – з-за вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія замежныя назіральнікі называюць фарсам.

“Independent” падкрэсьлівае, што стаўкі для Расеі высокія, бо пасьля таго, як аранжавая рэвалюцыя прывяла да перамогі празаходняга прэзыдэнта ў Кіеве, Беларусь засталася апошняй залежнай ад Крамля краінай у Эўропе. На шчасьце, лічыць газэта, засьцярогі пакрыўдзіць Расею не перашкодзілі Эўропе і Амэрыцы выказаць сваю незадаволенасьць беларускімі выбарамі. Захад таксама імгненна адрэагаваў на арышт Аляксандра Казуліна, аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі. Брусэль і Вашынгтон абяцаюць увесьці санкцыі з тым, каб афіцыйныя прадстаўнікі Менску не змаглі болей наведваць Эўразьвяз ці ЗША.

Брытанская газэта піша, што Захаду можа не спадабацца палітыка Лукашэнкі, але Захад таксама павінен улічваць, што беларускі прэзыдэнт карыстаецца пэўнай падтрымкай у сябе ў краіне. Ягонае пагардлівае стаўленьне да дэмакратычных нормаў, свабоды прэсы і незалежнасьці судоў зьяўляюцца зьнявагай эўрапейскім каштоўнасьцям, але, мяркуючы па ўсім, гэта ня вельмі хвалюе многіх грамадзянаў ягонай краіны.

“Independent” піша, што “Брусэль і Вашынгтон павінны працягваць сваю цяперашнюю палітыку, а менавіта: не прызнаваць ілжэвыбары Лукашэнкі, не даваць яму выхваляцца сваімі дасягненьнямі за межамі сваёй уласнай краіны, і нагадваць фундатару Лукашэнкі, расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве сувязі Расеі з Эўропай для яе больш важныя, чым удзячнасьць Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG