Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч у “New York Times”: "Гэта было першым штурмам"


Радыё Свабода, Прага Пра гвалтоўны разгон мірных пратэстаў у Менску і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пішуць вядучыя брытанскія і амэрыканскія мэдыі.

Брытанская “Independent” сёньня піша пра тое, што Эўразьвяз патрабуе вызваліць усіх затрыманых 25 сакавіка ў Менску ўключна з Аляксандрам Казуліным. Паводле выданьня, кіраўнікі Эўразьвязу будуць ў пятніцу прымаць рашэньне, што да ўвядзеньня санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Амэрыканская газэта “New York Times” паведамляе пра тое, як беларуская міліцыя разганяла акцыю пратэсту ў Менску, спачатку не дазволіўшы тысячам дэманстрантаў прайсьці на цэнтральную плошчу, а пазьней затрымаўшы апазыцыйнага лідэра Аляксандра Казуліна.

Газэта цытуе другога лідэра апазыцыі, Аляксандра Мілінкевіча, які параўноўвае тое, што адбываецца ў Беларусі, са штурмам крэпасьці. “Гэта было першым штурмам. Мы будзем выкарыстоўваць мірныя мэтады, мы абкружым гэтую крэпасьць і ня будзем адступаць, і празь нейкі час мы перакулім гэтую крэпасьць”, лічыць Мілінкевіч.

Брытанская "Daily Telegraph" сёньня піша пра тое, што апазыцыйнаму кандыдату, які кінуў выклік на выбарах дэспатычнаму лідэру Беларусі Аляксандру Лукашэнку, пагражае 6 гадоў турмы, калі яго абвінавацяць у хуліганстве. Паводле выданьня, разам з Казуліным 25 сакавіка былі арыштаваныя каля 100 чалавек.

Амэрыканская "Los Angeles Times" адзначае, што акцыя, заяўленая як апошняя спроба выказацца супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, скончылася гвалтам. Акрываўленыя ўдзельнікі пратэстаў крычалі, а міліцыянты перасьледавалі арганізатараў, зьбіваючы іх дубінкамі, піша газэта.

"International Herald Tribune" параўноўвае беларускія прэзыдэнцкія выбары і парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне. Паводле газэты, выбары ва Ўкраіне суправаджаюцца нармальнай дэмакратычнай барацьбой. Аўтар артыкулу брытанскі міністар у справах Эўропы Дуглас Александар піша: “Мы толькі што бачылі самую жахлівую пародыю на дэмакратыю на выбарах у Беларусі, якія міжнародная супольнасьць не прызнала свабоднымі і справядлівымі”. Аднак гэтыя выбары засьведчылі, што ў Беларусі ёсьць людзі, які гатовы аб’яднацца ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасьці. Паводле аўтара артыкулу, цяпер трэба падтрымаць беларусаў, як калісьці ўкраінцаў.

Брытанская "Sunday Telegraph" надрукавала артыкул пад назвай “Апошні дыктатар” арыштоўвае канкурэнта ў часе пратэстаў супраць вынікаў выбараў”. Аляксандар Казулін, адзін зь некалькіх кандыдатаў на прэзыдэнта, якія адважыліся выступіць супраць Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, быў затрыманы за спробу прайсьці з пратэстам да турмы, дзе ўтрымліваюцца сотні арыштаваных за мінулы тыдзень. Карэспандэнт газэты цытуе сьведкаў разгону акцыі, якая кажуць, што міліцыянты дзейнічалі вельмі жорстка і зьбівалі людзей нагамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG