Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шпіталізаваны кіраўнік Берасьцейскага гарадзкога штабу Мілінкевіча


Радыё Свабода, Берасьце Зьміцера Шыманскага, які ўзначальвае гарадзкі штаб Мілінкевіча ў Берасьці, сёньня ўначы перавезьлі зь ізалятару часовага ўтрыманьня ў абласны інфэкцыйны шпіталь.

Увечары 24 сакавіка спадар Шыманскі мусіў выйсьці на волю пасьля 10 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванага сходу. Аднак каля ізалятару часовага ўтрыманьня да яго падышлі міліцыянты і загадалі сесьці ў машыну. Пазьней высьветлілася, што ў адносінах да актывіста выбарчай кампаніі высунутае новае абвінавачваньне нібыта ў хуліганстве. Чакалася, што суд у гэтай справе адбудзецца 27 сакавіка.

Аднак уначы зь нядзелі на панядзелак стан здароўя Зьміцера Шыманскага рэзка пагоршыўся, у яго істотна паднялася тэмпэратура і была выкліканая хуткая дапамога. Мэдыкі настойвалі на неадкладнай шпіталізацыі спадара Шыманскага, але каб прыняць гэтае рашэньне спатрэбілася выклікаць міліцэйскае начальства. У тры гадзіны ночы ён быў перавезены ў абласны інфэкцыйны шпіталь.

Зьміцер Шыманскі мяркуе, што разгляд новай справы ў адносінах да яго (нібыта за хуліганства) ня будзе скасаваны і адбудзецца адразу пасьля выздараўленьня.
XS
SM
MD
LG