Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць судзіць затрыманых


Радыё Свабода Сёньня будуць судзіць затрыманых удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы і дэманстрацыі 25 сакавіка. Людзей трымаюць за кратамі менскага, раённага і абласнога ізалятараў. Невядома дакладная колькасьць затрыманых, але, паводле сьпісаў, якія складаюць сваякі, яна дасягае тысячы чалавек. Сваякі затрыманых ня могуць атрымаць інфармацыю ў супрацоўнікаў ізалятараў, у якіх судах адбудуцца працэсы. Цягам двух тыдняў дзесяткі апазыцыянэраў судзяць у розных раённых судах Менску.

Паводле заканадаўства затрыманага трэба дастаўляць у дзяжурную частку міліцыі таго раёну, дзе зьдзейсьнена правапарушэньне. Там на падставе двух рапартаў складаюць пратакол, а чалавека да суду адпускаюць дадому альбо, у выпадку неабходнасьці, трымаюць ў спэцпрыёмніку. Звычайна да суду ў спэцпрыёмнік накіроўваюць так званых “сямейных” хуліганаў, якія могуць зноў учыніць скандал дома. “Палітычных”, незалежна ад таго, паводле якога артыкулу складзены пратакол, заўсёды трымаюць за кратамі.

Тое, што сваякі арыштаваных цягам трох сутак ня могуць знайсьці, у якім месцы іх родныя, на думку назіральнікаў тлумачыцца тым, што кожны дзень затрымліваюць каля сотні чалавек, міліцыянты ледзь пасьпяваюць складаць пратаколы, а суды працуюць часам да 10 вечара. Адміністрацыі ізалятараў у такіх умовах не пасьпяваюць апрацоўваць інфармацыю. Апроч таго, старшыні судоў забаранілі канцылярыі даваць прозьвішчы пакараных апазыцыянэраў. Мужа Надзеі Апанасовіч затрымалі ў часе разгону шэсьця 25 сакавіка.

(Апанасовіч: ) “Мяне ўсю трасе пасьля таго, як я ўбачыла, як зьбівалі майго мужа. Ён круціўся як ваўчок пад ціскам гэтага АМОНу. Ён не супраціўляўся… Калі ён паваліўся, яго зьбівалі нагамі і дубінкамі, а потым кінулі ў “варанок”. Я дагэтуль не магу прыйсьці ў сябе ад гэтага шоку. Ноч ня спаўшы, не магу яго знайсьці… Усё стаіць перад вачыма… А гэтая бомба! Першая зь іх разарвалася каля маіх ног… Параніла мне нагу. Цяпер бачна лукашэнкаўская дэмакратыя і на чым яна трымаецца.”

Сьвятлана Баранкоўская знайшла сваю 18-гадовую дачку Станіславу ў Жодзінскім ізалятары.

(Баранкоўская: ) “А 3 гадзіне ночы 24-га я даведалася аб тым, што здарылася і адразу паехала ў Менск. А 3 ночы на наступны дзень маёр Пятроў у Жодзіне адказаў мне, што нікога там няма. БТ казала, што нашы дзеткі “адмарозкі”, купленыя за грошы Захаду… Я б дала ім аплявуху за тых дзяцей, якія ня могуць ім адказаць.”

Бацькам ня кажуць, куды раніцай павязуць іх дзяцей на суд. У такіх умовах яны наладзілі кругласутачныя дзяжурствы. Адны будуць сачыць, куды паехалі аўтазакі і аўтобусы, іншыя будуць знаходзіцца ў судах і складаць сьпісы арыштаваных. Сёньня будуць судзіць журналістаў, у тым ліку замежных. У суды прывязуць дзесяткі людзей. Сярод іх Павал Шарамет, Валянціна Палевікова, Марыюш Машкевіч, Аляксандр Казулін, шасьцёра грамадзянаў Расеі, актывісты апазыцыі.
XS
SM
MD
LG