Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое палітычнае значэньне мелі тыднёвыя пратэсты апазыцыі?


Юры Дракахруст, Прага Якое палітычнае значэньне мелі тыднёвыя пратэсты апазыцыі? Якой можа быць яе далейшая стратэгія? Ці могуць улада і апазыцыя ў Беларусі пагадзіцца на нейкія правілы “палітычнай вайны”? Гэтыя пытаньні ў жывым эфіры “Праскага акцэнту” абмяркоўваюць дэпутат палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч і філёзаф Уладзімер Мацкевіч.

(Дракахруст: ) Якое палітычнае значэньне мелі тыднёвыя пратэсты апазыцыіі, пачынаючы ад мітынгу ў ноч выбараў і сканчаючы маніфэстацыяй 25 сакавіка? Якія наступствы будуць мець гэтыя падзеі?

(Івашкевіч: ) “Афіцыйныя вынікі, абвешчаныя на гэтых выбарах, гэтыя 83% абурылі ўсіх людзей. Усе людзі пагадзіліся б, што Лукашэнка набраў 55-60%, але 83% прадэманстравалі, што ўлада ні ў што ня ставіць людзей і проста хлусіць. І гэта выклікала абурэньне, найперш у маладых людзей. І вось гэтае далучэньне тысячаў, можна сказаць дзясяткаў тысячаў маладых людзей да апазыцыйнай дзейнасьці - гэта галоўнае значэньне гэтых дзён. Гэта новая кроў у апазыцыі”.

(Абрамава: ) “Прэзыдэнт Лукашэнка ізноў перагуляў на выбарах і апазыцыю і Захад. Ягоная перамога на выбарах бясспрэчная для ўсіх людзей, якія рацыянальна мысьляць. Два гады таму, падчас прэзэнтацыі сацыялягічных дасьледаваньняў, я спыталася ва ўсёй вярхушкі апазыцыі, што апазыцыя будзе рабіць праз 2 гады, калі адбудзецца канчатковае прызвычайваньне беларусаў да думкі аб нязьменнасьці лідэра.

Я цяпер хачу задаць яшчэ два пытаньні. Менавіта гэтыя пытаньні задавалі амэрыканскія кангрэсмэны-дэмакраты дзяржсакратару Райс пасьля перамогі ў Палестынскай аўтаноміі "Хамасу". Чаму беспадстаўна абсалютызуецца выбарчая працэдура? Чаму заўсёды і паўсюль абвяшчаецца аб адмове размаўляць пра што б то ні было зь бясспрэчнымі пераможцамі выбараў, калі яны не зьяўляюцца ідэалягічна блізкімі? Да любых выбараў на постсавецкай прасторы можна прад''явіць шмат прэтэнзіяў.

За некалькі дзён да выбараў я дала прагноз у інтэрвію газэце "Ведомости", што аб''яднаная апазыцыя ў стане вывесьці на плошчу 19 сакавіка ад 5 да 10 тысячаў чалавек. Так і адбылося насуперак таму, што заявіла беларуская служба радыё "Свабода". Але галоўны сорам апазыцыі - гэта юнакі і дзяўчаты, амаль дзеці, якія стаялі на плошчы дзень і ноч. Да мірнага разьвіцьця падзеяў лідэры апазыцыі аказаліся не гатовыя. Яны не забясьпечылі біятуалетамі, ня вызначылі дзяжурных па ўборцы сьмецьця. Адсутнасьць клопату аб людзях – такая самая, як у 1999 годзе, падчас альтэрнатыўных выбараў прэзыдэнта”.

(Мацкевіч: ) “Я лічу, што было цалкам прадказальным, што людзі выйдуць на плошчу. Трэба было падрыхтавацца. Калі я размаўляў зь лідэрамі апазыцыі, было відавочна, што для іх гэтая сытуацыя як бы нечаканая. Ніхто ня ведаў, што рабіць з гэтым, куды накіроўваць людзей. Здавалася, што гэта стыхійная сытуацыя, што Плошчай ніхто зь лідэраў не кіруе. Так і было. Невыпадкова Сіўчык, які даўно не зьяўляецца ніякім лідэрам, прыйшоў і стаў адным з галоўных кіраўнікоў таго, што там адбывалася, вызначаў мэты, вызначаў стаяць ці разыходзіцца. І калі Мілінкевіч і Казулін запрасілі людзей разыходзіцца, то іх проста не паслухалі. Я б не сказаў, што гэтыя палітыкі цалкам адказваюць за тое, што адбывалася ў гэты тыдзень. Але не адказваюць у тым сэнсе, што гэта была ня іх ініцыятыва. Аднак палітык адказвае за ўсё, што робіцца пад яго сьцягам. Гэта рабілася пад сьцягам абароны вынікаў выбараў. Лідэры павінны прадугледжваць сытуацыю і кіраваць ёй, кіраваць стыхійнай энэргіяй натоўпу”.

(Дракахруст: ) Цяперашняя сытуацыя – у пэўнай ступені раздарожжа, момант выбару шляху для апазыцыі. Гэтая сытуацыя раздарожжа асабліва яскрава выявілася ў самыя апошнія дні – 25 сакавіка, калі Казулін заклікаў ісьці на Акрэсьціна, а Мілінкевіч выказаўся супраць гэтага, і 26 сакавіка, калі Мілінкевіч заявіў, што вулічныя акцыі часова трэба спыніць. Падчас падзеяў гэтага тыдня шмат хто задаваў пытаньне – “Ці ёсьць у апазыцыі плян?” Цяпер пытаньне паўстае шырэй – ці ёсьць стратэгія, той самы плян, але разьлічаны не на дні, а на месяцы, магчыма на гады?

(Івашкевіч: ) Заявы, што штаб Мілінкевіча не рыхтаваў ані ў тэхнічным, ані ў арганізацыйным пляне ўвесь гэты тыдзень - гэта або сьвядомая хлусьня або проста недасьведчанасьць. Пачынаючы з гукаўзмацненьня, тры камплекты якога былі арыштаваныя пасьля мітынгу і якім займаўся менавіта штаб Мілінкевіча, і сканчаючы арганізацыяў дружыны, распаўсюдам інфармацыйных матэрыялаў і г.д.

На падрыхтоўку былі скіраваныя і выступ Мілінкевіча на тэлебачаньні, і ўся агітацыйная кампанія, калі было праведзена больш за 40 сустрэчаў у 30 гарадах і падчас якіх гучалі заклікі выходзіць на плошчу. Мы прадугледжвалі варыянты, калі плошча будзе ачэпленая. Учора, 25 сакавіка, мы прадбачылі, што плошча будзе ачэпленая, пралічылі, дзе людзі будуць зьбірацца, і сьвядома павялі іх у парк Купалы. Там было абвешчана аб стварэньні Народнага руху за свабоду і прагучаў заклік Мілінкевіча далучацца да канструктыўнай працы і спакойна рызыходзіцца, а не ісьці на "штурм Бастыліі".

Гэтая праца вялася. Заўсёды можна крытыкаваць недасканаласьць чаго б там ні было. Але прасьцей за ўсё крытыкаваць тым, хто сам нічога не арганізоўвае. А што тычыцца маналёгу сп-ні Абрамавай, якая служыць Лукашэнку, то хай служыць - гэта яе выбар. Спрачацца з гэтымі абвінавачваньнямі, перапісанымі з БТ, няма ніякага сэнсу. Што тычыцца пляну. Стварэньне руху, яго абвяшчэньне 25 сакавіка і папярэдняе яго анансаваньне ў СМІ - гэта сьвядомае дзеяньне, а не спантаннае выказваньне. Ёсьць тры праграмы, якія пачынаюць рэалізоўвацца. Першая – “Свабодная адукацыя”, гэта ўладкаваньне ў эўрапэйскія ВНУ ўсіх студэнтаў, якіх рэпрэсуе рэжым. Другая – “Свабоднае слова”, гэта праграма, як зробіць сталы доступ паловы жыхароў Беларусі да свабодных СМІ. І ёсьць праграма "Свабодныя выбары", якая прадугледжвае дзеяньні па датэрміновым сканчэньні паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. "Цьвіком" будзе кампанія па адкліканьні дэпутатаў палаты. Можа быць, адным зь першых кандыдатаў будзе сп-ня Абрамава”.

(Абрамава: ) “Мне здаецца, што сёньня давер большасьці страчаны, дэмакратычныя каштоўнасьці з-за памылак і паразаў дэвальваваныя. Аўтарытэт 90-х разьмянялі ў дробных сварках і адсутнасьці інтарэсу да сацыяльных пытаньняў.

Зараз даводзіцца думаць, што рабіць далей. Трэба ўзяць звычайны падручнік па маркетынгу і прачытаць яго. Трэба ісьці не ад сваіх жаданьняў і ўяўленьняў аб правільным, а ад таго, што трэба людзям, у чым ім рэальныя патрэбы.

Ну і адносна таго, хто каму служыць. Роўна тое самае абвінавачаньне, толькі з дакладнасьцю да наадварот, мне пастаянна закідаюць мае калегі ў Палаце прадстаўнікоў, калі я патрабую лібэралізацыі эканомікі ці калі публічна абараняю Статкевіча, Лябедзьку ды іншых. Або калі я, абраная дэлегатам Усебеларускага сходу, адмовілася ў ім удзельнічаць, мне кожны раз гавораць, што я служу апазыцыі. Ad homіnem - вядомы аргумент да асобы, даволі эфэктыўны ў палітыцы”.

(Мацкевіч: ) “Я думаю, што сапраўды істотным дзеяньнем апазыцыі цяпер зьяўляецца стварэньне вызвольнага руху. Сёньня ў краіне ўсталяваўся фашызм, і гэта відавочна па ўсім. Трэба было проста паглядзець на тыя дзясяткі аўтазакаў, якія былі пастаўленыя на шассі МАЗа, каб зразумець, што гэта падрыхтавана да масавых рэпрэсіяў. Гэта фашызм, які ўзмацніўся, які мае пэўную падтрымку народу і пры гэтым фашызме ўсе рашэньні прымаюцца толькі самім дыктатарам.

На сёньняшні дзень рэжым зацікаўлены ў тым, каб усе былі паасобку, у атамізаваным выглядзе, і нават адна Абрамава ў Палаце прадстаўнікоў. Гэта дазваляецца, бо гэта фашызм інфармацыйнай эпохі, эпохі Інтэрнэту, калі немагчыма паставіць інфармацыйную заслону.

Абвешчаная, як гэта называлі ў Польшчы ў свой час, "польска-ярузэльская вайна". Тут таксама абвешчаная "лукашэнкаўска-беларуская вайна". У гэтай вайне перамога ў доўгатэрміновай пэрспэктыве безумоўна на баку дэмакратыі, але кароткатэрміновая пэрспэктыва не на нашу карысьць. Сёньня трэба разабрацца са зробленымі памылкамі, трэба слухаць адзін аднаго, а ня кідацца абвінавачваньнямі.

Ва ўчорашняй сытуацыі, калі Мілінкевіч прапанаваў разыйсьціся, і гэта была слушная прапанова, а Казулін заклікаў пайсьці... Дарэчы, я б не сказаў, што гэта Казулін заклікаў пайсьці. Гэта хвароба нашай апазыцыі, калі кожны лічыць сябе здатным узначаліць гэты рух”.

(Дракахруст: ) У “Праскім акцэнце” на мінулым тыдні ўкраінскі аналітык Віталь Портнікаў параўноўваў падзеі ў Беларусі зь леташнім лістападам у Азэрбайджане, калі апазыцыя таксама пратэставала супраць фальсыфікацыяў на выбарах, але не дасягнула перамогі. Портнікаў казаў, што хоць азэрбайджанская апазыцыя і ня можа зьмяніць Ілхама Аліева, у яе, апазыцыі, ёсьць пэўнае месца ў тамтэйшым грамадзтве – свае газэты, свае арганізацыі, фракцыі ў парлямэнце. Гэта не замірэньне, не падзел сфэраў уплыву, гэта, так бы мовіць, “жэнэўская канвэнцыя палітычнай вайны”. Ці магчыма, каб пасьля выбараў і тыднёвых пратэстаў у Беларусі ўлада і апазыцыя дасягнулі нечага падобнага?

(Абрамава: ) “Відавочна, што грамадзтву патрэбная апазыцыя. Але я ня ўпэўненая, што яму патрэбная радыкальная апазыцыя, якая кідаецца словамі "дыктатура", "фашызм" і г.д. Патрэбная разумная апазыцыя, якая прапаноўвае альтэрнатывы рэальныя, а не абстрактныя і не такія, якія немагчыма адаптаваць да нацыянальнага характару беларусаў.

З чаго можна пачаць, каб заняць месца ўплыву ў грамадзкім жыцьці? Перш за ўсё - публічна прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Я не прапаную лідэрам апазыцыі павіншаваць Аляксандра Лукашэнку зь перамогай, перамога безумоўная, і ў цывілізаваным грамадзтве прынята гэтак сябе паводзіць у падобных сытуацыях. Але я прапаную проста прызнаць вынікі.

Другое - зьвярнуцца да заходніх партнэраў з заклікам адмовіцца ад санкцыяў. І трэцяе - прапанаваць сваіх экспэртаў для ўзаемадзяньня з урадам. Трэба зрабіць усё гэта разам і без усялякіх папярэдніх умоваў.

І тады можа пачацца рэальны дыялёг аб дасягненьні нацыянальнай згоды - ня як весьці вайну, а куды ісьці. Паўтараю, ён можа пачацца, і толькі пасьля дасягненьня гэтага "вадзянога замірэньня" пры выпрацоўцы мінімальнага даверу бакоў можна пераходзіць да выпрацоўкі ўмоваў нацыянальнага кансэнсусу, пры якім апазыцыя можа адыгрываць у грамадзтве годную ролю, быць паважанай дома, а ня толькі на Захадзе, а магчыма і калісьці прыйсьці да ўлады. Калі б лідэры апазыцыі пагадзіліся на гэтыя ўмовы, я гатовая выступіць у ролі парлямэнцёра. Я б запрасіла да ўдзелу ў гэтай ініцыятыве іншых жанчынаў, не ангажаваных ані тым, ані іншым бокам”.

(Івашкевіч: ) “Па-першае, я лічу, што пад міжнародным ціскам ва ўлады сёньня ёсьць толькі адзіны бар’ер - гэта чалавечае жыцьцё. На забойства яны зараз, я думаю, сьвядома ня пойдуць , як не пайшлі і ў гэты тыдзень.

Калі б Лукашэнка проста хацеў застацца ва ўладзе, яму трэба было б уключыць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі і яны б прызналі, што ён набраў 52 ці 56%. Але тады трэба было прызнаваць існаваньне тых, хто набраў 30%. Фальсыфікацыя была накіраваная на тое, каб у прынцыпе заявіць, што няма ніякай апазыцыі, а там толькі падонкі, "адмарозкі" і іншыя словы, якія прэзыдэнт краіны дазваляе сабе па тэлебачаньні казаць у бок сваіх апанэнтаў. І тут кампраміс немагчымы, таму што ён яго ня хоча. І калі цяпер накірунак дзейнасьці Лукашэнкі - пажыцьцёвае кіраваньне, то сапраўды патрэбныя толькі тыя, якія самі сябе зьвяжуць, і зьвернуцца да сп-ні Абрамавай, каб тая іх прывяла, паставіла на калені, каб яны папрасілі прабачэньня і, можа быць, некаторым дзеячам апазыцыі будуць дадзеныя за гэта месцы ў палаце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG