Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камэры перапоўненыя, у панядзелак суды


Радыё Свабода, Менск Некалькі соцень арыштаваных і затрыманых апазыцыянэраў знаходзяцца ў Менскім спэцпрымальніку, а таксама ў ізалятарах Менскага раёну і вобласьці. Камэры перанаселеныя. У Жодзінскім сьледчым ізалятары знаходзяцца больш як дзьве сотні затрыманых у Менску апазыцыянэраў. Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Менскага раёну трымаюць 59 дзяўчат. Усіх будуць судзіць 27 сакавіка. Сваякам затрыманых больш за двое сутак ня кажуць, дзе адбудуцца суды.

У Менскім спэцпрымальніку трымаюць некалькі соцень чалавек, якіх затрымалі цягам тыдня каля Кастрычніцкай плошчы і падчас захопу намётавага лягеру. Сярод іх грамадзяне Ўкраіны, Канады, Польшчы, Грузіі й Расеі.

У Жодзінскім ізалятары часовага ўтрыманьня больш за дзьве сотні чалавек. Адных не пасьпелі судзіць 24 сакавіка, іншых затрымалі ў пятніцу ўвечары на Кастрычніцкай плошчы і 25 сакавіка падчас разгону дэманстрацыі на праспэкце Дзяржынскага. 59 дзяўчат, затрыманых у намётавым лягеры, знаходзяцца ў будынку ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага раёну на вуліцы Скарыны, 20. Іх заўтра адвязуць у суды, але бацькам дагэтуль ня кажуць, у якія. Такая ж сытуацыя з затрыманымі, якіх завезьлі ў Жодзінскі ізалятар.

Бацькі наладзілі кругласутачныя дзяжурствы. Яны дамовіліся сачыць за аўтазакамі і аўтобусамі, калі тыя павязуць людзей з тэрыторыяў ізалятараў. Ва ўсіх судах ад пачатку працоўнага дня таксама будуць сваякі затрыманых. Яны будуць тэлефанаваць адзін аднаму і дыктаваць прозьвішчы, бо старшыні судоў забаранілі канцылярыям даваць сьпісы дастаўленых у суд. Бацька 18-гадовага Юрыя двое сутак шукаў свайго сына і знайшоў толькі сёньня ў сьпісе Жодзінскага ізалятару:

(Васільеў: ) “Праз знаёмых потым дазнаўся, што яго павязуць у Жодзіна і суду не было. Суд адбудзецца толькі ў панядзелак. Ніхто ня кажа, дзе будзе суд. Мае бацькі намагаліся прыйсьці ў суд Ленінскага раёну, дык там зачынілі дзьверы і іх не пусьцілі. Я так думаю: а навошта гэтыя суды? Маглі б на Акрэсьціна асудзіць агулам усіх і ў нас не пытацца… Перажываю… Гэтая ўлада — ня наша ўлада”.

Нягледзячы на жорсткі разгон дэманстрацыі й масавыя арышты (а гэта недзе сто чалавек штодня), міліцыянты зь сёньняшняга дня пачалі наведваць студэнцкія інтэрнаты і патрабаваць расьпіскі ў студэнтаў, што тыя ня будуць удзельнічаць у акцыях пратэсту.
XS
SM
MD
LG