Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч у Жодзіне выказаў маральную падтрымку Казуліну


Радыё Свабода Наш карэспандэнт пабываў сёньня каля сьледчага ізалятару №8 у Жодзіне. Паводле інфармацыі, якую паведаміла жонка Аляксандра Казуліна Ірына, тут знаходзіцца яе муж, а таксама каля сотні іншых дэманстрантаў, якія былі затрыманыя ўчора падчас сутычак зь міліцыяй. Сюды прыехаў таксама Аляксандар Мілінкевіч са сваёй жонкай Інай Кулей.

Спачатку яны наведалі міліцэйскі пастарунак у Жодзіне і спыталіся, ці знаходзіцца там іхны сын Ігар. Міліцыянты спраўдзілі вялікі сьпіс, знайшлі прозьвішча Ігара і паведамілі, што так, ён знаходзіцца тут. Аднак яны адмовіліся прыняць для яго перадачу і сказалі, што ў нядзелю перадачы прымаюцца толькі да 13.00. Міліцыя таксама паведаміла, што заўтра Ігара прывязуць на суд у Менск, але ў які канкрэтна суд – невядома.

Аляксандар Мілінкевіч таксама зайшоў у прыёмную сьледчага ізалятару і запытаўся пра лёс Аляксандра Казуліна, ці ён тут і якія ўмовы яго ўтрыманьня. Пасьля кароткіх перамоваў прадстаўнік сьледчага ізалятару заявіў, што ня можа даць ніякай інфармацыі – ні пацьвердзіць ні абвергнуць, бо не ўпаўнаважаны на гэта, і параіў зьвярнуцца толькі заўтра.

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, я прыйшоў, каб выказаць маральную падтрымку Аляксандру Казуліну. Мы можам зь ім мець разыходжаньні ў стратэгіі і тактыцы, па-рознаму ацэньваць факты сучаснай гісторыі, але калі чалавек у турме і зьмешчаны туды не паводле закону – я хачу выказаць яму маральную падтрымку хоць бы тым, што прыйшоў і пытаўся, ці ён тут або не. Я лічу, што ўсё роўна заўсёды трэба шукаць спосабы паразуменьня, хоць і бываюць эмацыйныя, вельмі напружаныя моманты. Тым больш у дыктатарскай краіне”.

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся ў Жодзіне таксама з журналстамі, якія прыехалі паглядзець на жодзінскую турму. Ён паведаміў, што будзе спрабаваць вырашаць праблемы тых, хто быў арыштаваны і пасьля будзе вызвалены, каб яны ня страцілі магчымасьць вучыцца, ня страцілі працу. Паводле яго, са студэнтамі праблема факытчна вырашаная – унівэрсытэты Польшчы, Украіны, Славаччыны гатовыя прыняць тых студэнтаў, якія будуць выключаныя. Сёньня ў спадара Мілінкевіча была на гэты конт адмысловая гутарка з прэм’ер-міністрам Славаччыны. А вось з тымі, хто можа быць звольнены з працы, сытуацыя больш складаная, бо дадатковых фінансаў ня так шмат. Тым ня менш спадар Мілінкевіч зазначыў, што будзе шукаць магчымасьць, каб грамадзкія арганізацыі Беларусі маглі б хоць разава матэрыяльна падтрымаць тых, хто страціць працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG