Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых 25 сакавіка працягваюць шукаць сваякі й знаёмыя


Радыё Свабода Да прымальніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна працягваюць прыходзіць людзі, якія шукаюць сваіх знаёмых і сваякоў, затрыманых 25 сакавіка. Іншыя ўдзельнікі акцыі пацярпелі фізычна і цяпер ня здольны выйсьці з дому. Адначасна людзі працягваюць прыходзіць да месца колішняга намётавага гарадка на Кастрычніцкім пляцы Менску.

У пэрсаналу спэцпрымальніку на Акрэсьціна сёньня выходны дзень, і перадачаў не прымаюць. Тым ня менш, сюды працягваюць прыходзіць людзі, каб даведацца пра лёс затрыманых. Але дзяжурныя адмаўляюцца нешта казаць.

(Спадарыня: ) “Забралі жанчыну ўчора. Ёй 62 гады, жыве адна, і яе сабака ўжо суткі ў хаце енчыць”.

(Голас дзяжурнага: ) “Я вам ужо ўсё патлумачыў”.

(Спадарыня: ) “Дайце хоць ключы ад хаты”.

(Спадар: ) “Ці ёсьць тут чалавек, які хоць што-небудзь зразумее, што тут робіцца, урэшце? Ні начальніка, нікога няма — суцэльны бардак. Але ім людзей не шкада, а яны сабаку пашкадуюць!”

(Іншая спадарыня: ) “Як учора, дык у іх быў неўнармаваны працоўны дзень. Учора яны на гэта не глядзелі, калі хапалі людзей — яны не глядзелі, што дахаты пара. А сёньня яны пільнуюцца выходнага дня”.

(Спадар: ) “Ну, яны ж павінныя адпачыць — людзей пабралі, а цяпер трэба адпачыць”.

Да спэцпрыёмніку прыходзяць таксама ўчорашнія ўдзельнікі мітынгу, каб падтрымаць сваякоў зьняволеных.

(Спадарыня: ) “Мы ні да каго не прыйшлі, мы прыйшлі падтрымаць людзей —мы зь сяброўкай пэнсіянэркі. Незважаючы на ўсе гэтыя рэпрэсіі, учора мы ўсё роўна пайшлі. Мы й плякаты трымалі, але навошта людзей трэба было разганяць? Ён злачынца ўвогуле. Злачынца”.

Пэнсіянэрцы Вользе Шкабровай, якая таксама брала ўдзел у мітынгу 25 сакавіка, пашчасьціла менш — яна пацярпела фізычна і цяпер ня можа выйсьці з дому.

(Шкаброва: ) “Вось нага баліць — ляжу. Мяне мянты падтапталі пад ногі, я крычала: не рабіце другой Нямігі. Але страху ніякага не было ні ў каго. У мяне самой не было страху”.

Адначасна побач зь месцам колішняга намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы працягваюць спыняцца людзі, якія цяпер абмяркоўваюць падзеі мінулых дзён. Усё гэта адбываецца пад пільным наглядам шматлікіх нарадаў міліцыі й людзей у цывільным.

(Спадар: ) “А няма чаго баяцца — вы ж нейкія байцы нашыя, праўда?.. Як гэта можна дзяцей біць? Білі іх і ўсё — што яны глядзелі? Гэтыя ўсе ўзброеныя, а яны з голымі рукамі, так жа ня можна рабіць. Скажу таксама, што яго выбралі няправільна, тут і гаворкі іншай быць ня можа”.

На Кастрычніцкай плошчы цяпер працуе вялікая колькасьць сьнегаўборачнай тэхнікі. Трактары перавозяць лёд і сьнег на месца, дзе яшчэ нядаўна быў намётавы гарадок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG